Ва ўзросце 52 гадоў памёр старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі

Прычыны смерці пакуль невядомыя, піша Радыё Свабода.

anatol_kapski.jpg


Яшчэ ў 20-гадовым узросце ў Анатоля Капскага выявілі рак. Першы курс хіміятэрапіі ён прайшоў у 1987 годзе. У 1999 годзе здарыўся рэцыдыў. Капскаму давялося прайсці восем курсаў хіміятэрапіі за мяжой. У студзені 2013-га ў Вільні ён перанёс найскладанейшую апэрацыю на сэрцы, пасля якой знаходзіўся ў трохдзённай коме.
У сярэдзіны 1995 годзе Капскі узначаліў кампанію «Сталкер», праз якую прадаваў камплектуючыя на БАТЭ. Пазней «Сталкер» стаў адным з дылераў прадукцыі завода. У 1996-м было вырашана аднаўляць завадскую каманду БАТЭ. Кіраўніком клуба стаў Анатоль Капскі, а галоўным спонсарам — яго прадпрыемства «Сталкер». У 2014 годзе паводле версіі «Ежедневника» Капскі стаў самым паспяховым бізнэсоўцам Менскай вобласці.
Капскі быў адным з ініцыятараў стварэння футбольнага клуба, які быў заснаваны 12 красавіка 1996 года.
У 1999-м барысаўчане ўпершыню заваявалі залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. З тых часоў каманда пастаянна ўваходзіць у лік лепшых беларускіх клубаў. На яе рахунку — чатырнаццаць чэмпіёнскіх тытулаў. Акрамя таго, адзін з самых знакамітых айчынных клубаў за 21 год свайго існавання тройчы перамагаў у Кубку Беларусі і сем разоў — у Супэркубку.