Вадзім Хіжнякоў адзначае дзень народзінаў за кратамі
Сёння, 16 траўня, 53 гады спаўняецца Вадзіму Валер’евічу Хіжнякову — жыхару Гродна, асуджанаму на 2,5 года пазбаўлення волі па арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі» падчас акцыі пратэсту 27 верасня).
Таксама па гэтай крымінальнай справе асуджаны Міхаіл Ефімовіч, Міхаіл Юдзін і Андрэй Севяртока.
Згодна з выстаўленымі абвінавачаннямі, на прыпынку грамадскага транспарту «Усход» 27 верасня Севяртока наўмысна нанёс супрацоўніцы АМАП па прозвішчы Заяц адзін удар кулаком у галаву, адзін — нагой па правай назе. У гэты час Ефімовіч наўмысна кінуў у Заяц неўсталяваны прадмет, які трапіў у вобласць грудзей. Пасля чаго Юдзін наўмысна нанёс амапаўцу Башко адзін удар нагой па целе, адзін рукой па руцэ, і два — рукой у вобласць галавы. Адначасова з гэтым Хіжнякоў наўмысна кінуў у Башко неўсталяваны прадмет, выкарыстоўваючы яго ў якасці прылады злачынства.
Да суда Вадзім знаходзіўся пад вартай. На судзе ён віну не прызнаў.
Мы віншуем Вадзіма Хіжнякова і зычым яму здароўя, аптымізму і найхутчэйшага вызвалення!
Адрас для лістоў: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.