Вадзім Саранчукоў супраць «Беларусь 4»: чыя возьме?

У Ленiнскiм судзе Гароднi 6 ліпеня працягваецца суд па скарзе грамадскага актывіста Вадзіма Саранчукова на тэлеканал «Беларусь 4».

Вадзім Саранчукоў

Вадзім Саранчукоў


Падставай звароту актывіста ў суд стаў ананімны фільм, які быў паказаны па тэлеканале „Беларусь 4” у красавіку гэтага года пад назвай "Маршам у нікуды”. Скарга Вадзіма Саранчукова тычылася дзелавой рэпутацыі, якая, на думку істца, можа пагоршыць яго фінансавую бяспеку. У фільме, які агучвала невядомая асоба, Вадзім Саранчукоў быў прадстаўлены як рамеснік, які зарэгістраваны, але вынікаў яго працы нібы ніхто не бачыў. Саранчукоў прапанаваў для азнаямлення суда дакуманты, якія пацвярджаюць яго дзейнасць як рамесніка.
На першым пасяджэнні аўтарства паклёпніцкіх звестак у фільме суддзя Ксенія Стасюкевіч даведацца не змагла. Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі "Гродна” Барыс Кунцэвіч сказаў, што ў фільма калектыўны аўтар, і таму, на падставе закону аб аўтарскім праве, фільм з’яўляецца калектыўнай працай, і з гэтай прычыны адказваць будзе цалкам рэдакцыя, без прадстаўлення імёнаў.


Вадзім Саранчукоў працягваў настойваць, каб урэшце быў выяўлены аўтар фільма, а таксама канкрэтныя асобы, якія рабілі гэты фільм і выпусцілі яго ў эфір. На судзе таксама прысутнічае ў якасці прадстаўніка грамадскасці юрыст і сябар сойму БНФ Юры Чавусаў.
Падчас пярэчанняў, якія прайшлі пасля перапынку, бакі яшчэ раз агучылі свае пазіцыі. На наступнае паседжанне, у якасці доказаў сваёй рамесніцкай дзейнасці Саранчукоў паабяцаў прывезці прыклады сваёй прадукцыі — шкляныя келіхі ды штофы з малюнкамі. 
Выніковае пасяджэнне па справе адбудзецца 14 ліпеня а 10.40 у будынку суда Ленінскага раёну Гродна.

Паводле spring96.org