Ваенныя паабяцалі больш не забіваць вужоў і жаб

Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінабароны на зварот прыродаахоўнай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Здымак "Брэсцкай газеты"

Здымак "Брэсцкай газеты"


Прыродаахоўная грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» атрымала адказ ад Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь пасля скандалу, калі дэсантнікі разрывалі вужоў і жаб на вачах у дзяцей.
На сайце арганізацыі паведамляюцца падрабязнасці перапіскі з абаронным ведамствам.
Як прыродаахоўная арганізацыя, АПБ звярнулася ў Міністэрства абароны з просьбай спыніць такую ​​практыку, і ў УУС Брэста з просьбай правесці праверку па факце жорсткага абыходжання з жывёламі.
«Паводле Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь жорсткае абыходжанне з жывёламі ў прысутнасці малалетніх — гэта злачынства. У адпаведнасці з артыкулам 339/1 «Жорсткае абыходжанне з жывёлай». Такія выступы падрываюць аўтарытэт арміі і настройваюць грамадзян Беларусі ў адносінах да яе негатыўна. Ёсць шмат іншых спосабаў баявой і псіхалагічнай падрыхтоўкі салдат. На публічных мерапрыемствах сваю сілу можна прадэманстраваць, не выяўляючы жорсткасць у адносінах да жывёл як да загадзя больш слабых і бяскрыўдных істотаў. Просім прыняць меры для недапушчэння ў будучыні падобных выпадкаў дыскрэдытацыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і парушэнні заканадаўства па ахове і абароне жывёл Рэспублікі Беларусь вайскоўцамі», — гаварылася ў лісце АПБ.
У адказе з Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь за подпісам Камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл генерал-маёра У.І. Дзенісенка гаворыцца аб абяцанні «выпрацаваць меры па недапушчэнні ў далейшым парушэння заканадаўства аб ахове і абароне жывёл».
Таксама са свайго боку выступіла Міністэрства прыродных рэсурсаў, якое нагадала, што адзін з асноўных прынцыпаў аховы і выкарыстання аб'ектаў жывёльнага свету і асяроддзя іх пражывання — прынцып гуманнасці, у адпаведнасці з якім карыстанне аб'ектамі жывёльнага свету дазволена спосабамі, якія не дапускаюць жорсткага абыходжання з дзікімі жывёламі .
Пасля звароту АПБ у Мінпрыроды, Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў пры падтрымцы камандавання той самай брыгады, якая разрывала вужоў, правялі вучобу па папярэджанні такіх выпадкаў для палявых камандзіраў з розных абласцей Беларусі.
АПБ са свайго боку дзякуе ўсім людзям, якія звярнулі ўвагу на гэты факт з жорсткага абыходжання з жывёламі, надалі яму агалоску і напісалі свае заявы ў дзяржорганы.
— Мы спадзяемся, што гэтая сітуацыя здарылася ў Беларусі ў першы і апошні раз! — гаворыцца ў паведамленні грамадскай арганізацыі.
Паводле «Салідарнасці»