Вайна на Данбасе. Нежалезныя людзі

Гэты артыкул быў напісаны восем гадоў таму, у верасні далёкага 2014-га. Але сёння ўкраінцы зноў мусяць быць героямі, не шкадаваць сябе і не ведаць страху, класці душу і цела за нашу і вашу свабоду. Таму варта яго перачытаць. 



moshed_2022_2_25_22_2_1.jpg

Геапалітыка супраць жывых людзей

Раней у беларусаў была адна рыса, якая вельмі моцна адрознівала іх ад расіянаў — яны не цікавіліся «геапалітыкай». У сэнсе не любілі вырашаць лёсы свету, сутыкаючы краіны і кантыненты ў палкіх і марных размовах. Цяпер жа я ўсё часцей чую, як яны гэта робяць амаль з расійскай зацятасцю, нібы ў ток-шоу Уладзіміра Салаўёва ўдзельнічаюць. У цягніку Баранавічы — Жытомір, напрыклад, дзве цётухны савецкага веку абмяркоўвалі перад сном, што «ЗША хутка капец» і хто каго потым пераможа — Расія Кітай ці Кітай Расію. На гэты конт у іх былі розныя думкі, але ў адным яны былі цалкам згодныя — «этыя хахлы ўжэ саўсем абнаглелі». Бач, усю геапалітыку псуюць, блытаюцца пад нагамі.

Абмяркоўвалі вельмі гучна. Чаго я таксама раней за беларусамі не назіраў — каб яны гэтак нахабна сябе паводзілі. Вагон цягніка быў напалову запоўнены ўкраінцамі, а цётухны нібыта і не разумелі, што вось яны, тыя «хахлы», побач едуць. Зрэшты, з геапалітыкай заўсёды так — яна жывых людзей не заўважае і лёгка перакрэслівае цэлыя народы.

Не заўважаюць іх часам і тыя, хто ніколі ўкраінцаў «хахламі» не назаве, наадварот, будзе казаць ім усялякія кампліменты. Прынамсі пакуль яны вядуць змаганне супраць Расійскай імперыі на Данбасе. Для іх яны таксама проста элемент геапалітычнай схемы. Неабходны для перамогі цывілізацыі над барбарствам. Калі ж яны робяць нешта такое, што парушае прыгожую схему перамогі, напрыклад, заключаюць перамір'е, гэта выклікае абурэнне.

Украінцы мусяць быць героямі, не шкадаваць сябе і не ведаць страху, класці душу і цела за нашу і вашу свабоду. Іначай рызыкуюць стаць «хахламі».

Вайна не з глядацкай залі

Мне хапіла некалькіх сустрэч з жывымі людзьмі, каб перастаць крычаць з глядацкай залі «давай, не тармазі, мачы іх!».  

У Кіеве мы сустрэліся з Сяргеем Дзмітрыевым, святаром, з якім калісьці ездзілі разам у валанцёрскія паездкі да вайскоўцаў на Херсоншчыне. Пераглядалі фотаздымкі адтуль. «Гэтага хлопца забілі... і гэтага», — каментаваў ён ледзь не кожны здымак. А пра адно вялікае групавое фота сказаў, што з яго «паловы ўжо няма».

Яна, дзяўчына з Беларусі, якая была на Майдане ад пачатку да канца, а цяпер дапамагае на кухні ў батальёне«Айдар», кажа, што імкнецца не запамінаць байцоў, бо заўтра іх ужо можа не быць, а здольнасць чалавека перажываць смерць знаёмых людзей не бязмежная.  

Я не ведаў да прыезду, ці жывыя мае знаёмыя, два хлопцы з Луганшчыны, якія далучыліся да батальёну «Азоў». Яны вельмі матываваныя і баявітыя, такія, думаў я, могуць загінуць першымі. На шчасце, аказаліся жывыя, якраз прыехалі на пабыўку. Падсвядома, мабыць, я чакаў убачыць суворых ветэранаў з гераічных фільмаў і кнігаў пра вайну. Апаленых вайной, але не зломленых, непахісных у сваім жаданні разбіць ворага. Чаго я зусім не чакаў, дык гэта пачуць размовы ў духу салдата Швейка.

«Стаім мы неяк, занятыя вельмі важнай справай — разважаем пра тое, як апрыходаваць скрыню вінаграду. Тут раптам пачынаецца п**дзец. А п….ц, трэба заўважыць, бывае трох разнавіднасцяў...», — расказвае Арцём.

П…..ц трох разнавіднасцяў

Няхай тыя разнавіднасці застануцца ваеннай таямніцай. Магу толькі сказаць, што там кожная разнавіднасць яшчэ больш нецэнзурная за іншую. І яны напоўніцу ўсе тры паспыталі. Іх адпраўлялі ў разведку, потым пра іх забываючы. Пакідалі абараняць пост з аўтаматамі супраць танкаў.

«З цяжкага ўзбраення ў нас тады былі толькі бронекамізэлькі. Так, яны вельмі цяжкія, асабліва калі даводзіцца хутка ўцякаць», — жартуюць хлопцы. Мінёры забывалі ім паведаміць, дзе менавіта яны мініравалі тэрыторыю вакол іхнага лагеру. Камандзір, збудаваўшы сабе бліндаж з трох шэрагаў сталёвых пліт і цэлага лабірынту адыходных акопаў, мог пакінуць аголенымі пяцьсот метраў перыметра фронту.

 «Каб выжыць, мне, сяржанту, давялося вучыцца аддаваць загады палкоўніку і пасылаць яго на х... Бо ў яго стратэгічнае мысленне было на ўзроўні, а ці не пайсці нам зняць дзе-небудзь дэнээраўскі сцяжок. Пры гэтым ён мог «зушку» (зенітную ўстаноўку — аўт.) загадаць паставіць зверху на наш бліндаж. Ты што, пта маць, кажу, хочаш, каб нас тут усіх паклалі?!» — гарачыцца Арцём.

Яны распавядаюць пра ганебныя выпадкі, калі ў некаторых вайсковых частках аддавалі танк у абмен на дзве легкавушкі, а лёгкую зброю ўвогуле мянялі на гарэлку. Пра марадзёрства і нематываваныя забойствы. Тое, аб чым яны гавораць, настолькі іх бесіць, што яны гатовыя прыніжаць сябе ў параўнанні з праціўнікам. Маўляў, у іх там дысцыпліна лепей наладжаная. Іхняя шчырасць выклікае павагу, але чуць усё гэта цяжка, асабліва калі ты жадаеш бачыць у іх «воінаў святла».

Нежалезныя людзі

«Той, хто выжыў у гэтым гармідары і не скурвіўся, яны проста жалезнымі людзьмі адтуль выходзяць, такіх ужо не зламаць», — спрабуе дадаць пазітыву Саша. Але ж яны самі, хаця выжылі і не скурвіліся, толькі на фронт вяртацца ўжо не збіраюцца, ім магчымасць перамогі падаецца прывіднай. Хіба гэта не называецца зломленасцю?

Мы ехалі на Данбас праз Харкаў разам з двума хлопцамі з батальёну «Айдар» і яшчэ двума з батальёну тэрытарыяльнай абароны пад парадкавым нумарам. Да нашай кампаніі падсеў малады чалавек з Данбасу, уладальнік уласнай невялічкай фірмы. Перакананы сепаратыст (хаця, як ён заўважыў, «гэта ваша вызначэнне»). «Перакананы» ў тым сэнсе, што яго немагчыма было пераканаць у правільнасці справы, якую робяць украінскія вайскоўцы на Данбасе, ніякай выразнай ідэалогіі ён не падзяляў. Не сказаць нават, каб ненавідзеў Украіну, проста зусім нічога ў ёй не любіў, бо вырас на ўсім расійскім.

Хлопцы з тэрабароны праседзелі з ім да раніцы. Не пераканалі. І што, пытаюся, так і адпусціце яго ў свет неперакананым? «Зараз мы ў Харкаве выйдзем, там кожны другі такі, усіх не пераканаеш», — адказваюць з фаталізмам.

Падобна, гэтая сустрэча на іх моцна паўплывала. Адзін на харкаўскай аўтастанцыі проста развярнуўся і паехаў назад дадому. Куды ж твой пабрацім падзеўся, пытаюцца ў таго, што застаўся. «Ён мне болей не пабрацім», — кажа, а ў самога твар ажно счарнеў. Ён і сам ехаць далей не надта хоча. «Не разумею, куды я еду і навошта. Ніводзін тэлефон нашых хлопцаў не адказвае, мо іх там няма ўжо нікога...» — гаворыць Анатоль разгублена. Але працягвае дакараць свайго былога пабраціма, які дэзерціраваў. Бо праз яго кагосьці цяпер на пабыўку не адпусцяць.

Агонь і грукат

«Яго ж цяпер у турму адразу пасадзяць, так?» — неяк па-дзіцячаму пытаецца ў нас гэты здаровы мужык. Бачна, што ён спрабуе самога сябе пераканаць у тым, што ўсё робіць правільна, у адрозненне ад яго.

Аўтобусам мы позна вечарам даехалі да Старабельска і вырашылі тут заначаваць. Бо Анатоль так і не змог каму-небудзь датэлефанавацца, таму не ведаў, куды яму далей ехаць, а я забыў у Харкаве тэлефон і вырашыў раніцай за ім вярнуцца. Ён расклаў на стале мамчыну ежу, катлеткі, памідорчыкі, і над гэтай выспачкай ужо далёкага хатняга жыцця неяк зусім раскіс.

«Чуеш, у нас з 900 чалавек толькі 32 засталося... Я там быў за адну гарачую ноч расстраляў скрыню патронаў і гранатаў. У мяне пытаюцца потым, куды ты страляў? А халера яго ведае куды, такое ачмурэнне, нічога не памятаю. Толькі агонь і грукат... Мо я з табой у Харкаў паеду?» — кажа Толік. 

Ранкам ён усё-ткі датэлефанаваўся да камандзіра. Цяпер ужо спрабуе адгаварыць мяне ехаць у Харкаў, бо няма сэнсу, тэлефон яўна хто-небудзь прыўласціў. Мы знаёмыя з ім усяго суткі, а ён чапляецца за мяне як за апошнюю саломінку. Каб зачапіцца хоць за што-небудзь у гэтай хуткаплыннай страшнай рэчаіснасці.

Але я еду назад паўз чараду падбітых танкаў, якія цягнуць на рамонт. Толькі жывых людзей, якіх зжэрла чортава «геапалітыка», ужо не адрамантуеш.