Вайсковец прызнаўся, што забіў Генадзя Шутава. «Хацеў стрэліць у перадплечча»
У Брэсце пачаўся суд у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў падчас жнівеньскіх пратэстаў, піша «Свабода».
На лаве падсудных у судзе толькі Аляксандар Кардзюкоў, яго
перавезлі ў Брэст з СІЗА № 1 Мінску напярэдадні працэсу.
Справу разглядаюць у дачыненні да яго і загінулага Генадзя Шутава. Шутава на працэсе прадстаўляе яго дачка Анастасія.
У залю суду прыйшлі таксама пацярпелыя — вайскоўцы часткі № 89417 (Сілы спэцыяльных апэрацый) у Мар’інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і Галіцын.
Паводле матэрыялаў справы, менавіта ад стрэлу Рамана Гаўрылава загінуў Генадзь Шутаў.
Версія следзтва. «Кардзюкоў вырашыў забіць аднаго з
вайскоўцаў»
Версію следзтва агучыў пракурор Буры.
Паводле матэрыялаў справы, Генадзь Шутаў і Аляксандр
Кардзюкоў увечары 11 жніўня выпілі 350 грамаў моцнай настойкі ў гаражы
Кардзюкова, пасля чаго пайшлі на вуліцу Маскоўскую. Кардзюкоў пры гэтым меў з
сабой кавалак металічнай трубы. На пляцоўцы паміж дамамі 334 і 336 у іх узнік
канфлікт з вайскоўцамі Гаўрылавым і Галіцыным, якія знаходзіліся там у
цывільнай вопратцы і мелі пры сабе пісталеты Макарава.
«11 жніўня 2020 году ў Рэспубліцы Беларусь існаваў высокі
ўзровень масавых беспарадкаў, — сказаў пракурор. — У сувязі з гэтым да аховы
парадку прыцягваліся вайскоўцы, капітан Гаўрылаў і прапаршчык Галіцын».
Паводле версіі следзтва, Кардзюкоў і Шутаў «мэтанакіравана
падышлі да Гаўрылава і Галіцына», пасля чаго Кардзюкоў «нанёс удар Гаўрылаву
металічнай трубой».
«Кардзюкоў вырашыў забіць аднаго з вайскоўцаў, — сказаў
дзяржаўны абвінаваўца. — Гаўрылаву ён нанёс удар трубой у галаву, чым прычыніў
яму лёгкія цялесныя пашкоджанні. Затым кінуў мэталічную трубу ў грудную клетку
іншаму вайскоўцу».
Паводле версіі абвінавачвання, капітан Гаўрылаў,
абараняючыся, спачатку стрэліў у паветра, а потым вырашыў стрэліць у Генадзя Шутава,
«у вобласць левага перадплечча». Аднак ад таго, што не змог сканцэнтравацца
пасля ўдару па галаве, трапіў Шутаву ў патыліцу.
Капітан Раман Гаўрылаў падчас суду прызнаў, што застрэліў
Генадзя Шутава. Ён таксама сцьвярджае, што спрабаваў аказаць Шутаву першую
дапамогу, дапамагаў адправіць пацярпелага разам з машынай «хуткай дапамогі».
Версія абвінавачанага. «Тварам уніз, уроды. Завалю!»
Абвінавачаны Аляксандраў Кардзюкоў свёй віны катэгарычна не прызнае.
Ён пагаджаецца, што ўвечары 11 жніўня піў алкаголь з
Шутавым, пасля чаго яны разам вырашылі схадзіць на вуліцу Маскоўскую, каб
пабачыць пратэсты на свае вочы.
Кардзюкоў гаворыць, што па дарозе ў парку сапраўды знайшоў
кавалак металічнай трубы і ўзяў яе з сабой «для самаабароны». Разам з Шутавым
яны былі ля дома № 334 на вуліцы Маскоўскай каля 40 хвілін, размаўлялі паміж
сабой. Пасля заўважылі побач на лаве двух маладых хлопцаў у цывільным і
падышлі да іх пагаварыць.
«Мы не ведалі, што гэта вайскоўцы, яны былі ў цывільным, —
сказаў Аляксандар Кардзюкоў. — Спыталі ў іх, што тут адбываецца. Адразу пасля
гэтага пачаўся канфлікт. Адзін з вайскоўцаў ударыў мяне, я, падаючы, ударыў яго
па сцягне трубой. Галіцын і Гаўрылаў пачалі адступаць ад нас спінамі ўперад,
дасталі пісталеты і крычалі «Тварам уніз, уроды, завалю!»
Кардзюкоў настойвае, што не біў вайскоўцаў першым і тым
больш па галаве трубой. Кажа, што пасля першага стрэлу кінуў трубу і пачаў
уцякаць. Таксама ён бачыў, як Шутаў станавіўся на калені спінай да Гаўрылава і
Галіцына, пасля чаго пачуў яшчэ адзін стрэл.
«Я быў у шокавым стане, — сказаў Аляксандар Кардзюкоў. — У
мяне стралялі першы раз. Пасля тых падзей я адчуваў віну перад Генадзем, што
мы туды пайшлі. Ён не пайшоў бы туды адзін, без мяне. Я ведаў пра сутычкі з
АМАПАм у Брэсце ў папярэднія дні. Па горадзе хадзілі чуткі, што АМАП страляў
у людзей, кідаў гранаты. З боку Галіцына ў мой бок таксама быў стрэл. Калі б я
не ўцёк адтуль, то быў бы застрэлены гэтаксама, як і Генадзь Шутаў».
Пасля допыту абвінавачанага і пацярпелых на працэсе
дапытаюць сведак і вывучаць матэрыялы справы. Дачка Генадзя Шутава заявіла
суду, што хоча дамагчыся апраўдання яе загінулага бацькі.
Аляксандар Кардзюкоў нарадзіўся ў Кобрыне ў 1979 годзе.
Жанаты, разам з жонкай гадуе непаўналетняе дзіця. У 2010 годзе быў асуджаны за
хуліганства, адбыў пакаранне ў выглядзе грамадзкіх работ. Да 2011 году
працаваў у аўтобусным парку Брэста, пасля першага суду займаўся
падпрацоўкамі, збіраўся зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.