Вакульчык пацвердзіў затрыманне ў Літве начальніка УСК па Мінску Дзмітрыя Канапляніка

Старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык спадзяецца, што «ў літоўскага боку хопіць здаровага сэнсу пры прыняцці рашэння па лёсе затрыманага ў Літве кіраўніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Дзмітрыя Канапляніка». 



konoplianik.jpg

Пра гэта ён заявіў 2 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў, перадае БелТА.

«Праводзіцца разбіральніцтва. Я думаю, што хопіць здаровага сэнсу ў літоўскіх уладаў, каб аб'ектыўна разгледзець гэтае пытанне і ў самыя кароткія тэрміны прыняць нармальнае законнае рашэнне. Яны дэкларуюць сябе як прававая дзяржава, і сапраўды разумеюць, што павінны быць добрасуседскія адносіны паміж Літвой і Беларуссю, з іншымі краінамі», — сказаў Валерый Вакульчык.

Кіраўнік КДБ дадаў, што такія дзеянні Літвы відавочна не спрыяюць таму, каб развіваць адносіны паміж народамі і краінамі ў нармальным ключы.

Нагадаем, што Літоўская пракуратура паведамляла пра затрыманне «высокапастаўленага супрацоўніка МУС Беларусі» і яго жонкі. Пры гэтым у паведамленні Генпракуратуры імёны затрыманых не называліся, а былі пазначаныя ініцыяламі Д.К. (чыноўнік) і А.К. (яго жонка).

Як патлумачыла БелаПАН начальнік аддзела камунікацый Генпракуратуры Літвы Алена Марціноніне, у паведамленні пазначаны толькі ініцыялы затрыманых, бо ў ведамстве прытрымліваюцца правіла аб невыдаванні асабістых дадзеных. «Я не ведаю, чаму ў сваёй інфармацыі журналісты, называючы прозвішча затрыманага, спасылаюцца на Генпракуратуру, са мной яны не звязваліся. Я толькі магу пацвердзіць, што ініцыялы Д.К. і А.К. пазначаны правільна. Мужчына, па нашых дадзеных, з’яўляецца высокапастаўленым начальнікам праваахоўных органаў вашай краіны», — адзначыла яна.

Пра тое, што затрыманы менавіта начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Дзмітрый Канаплянік, паведаміў партал навінаў Delfi.lt.

Кіраўнік УСК па Мінску Дзмітрый Канаплянік быў затрыманы на літоўска-беларускай мяжы, калі вяртаўся з адпачынку. У яго асабістым аўтамабілі, дзе ён знаходзіўся з жонкай, літоўскія мытнікі выявілі некалькі дзясяткаў баявых патронаў. Па літоўскіх законах за кантрабанду зброі пагражае пакаранне ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.