Валеры Сядоў — за кратамі

      Удзельнік акцыі салідарнасці Валеры Сядоў змешчаны ў мінскі ізалятар на Акрэсціна. Ён адзін з ўсіх затрыманых 19 студзеня трапіў пад арышт за тое, што ўголас запатрабаваў свабоды палітвязням.



c09f9caf5e08836d4673ccdd69bb041e.jpg

      Удзельнік акцыі салідарнасці Валеры Сядоў змешчаны ў мінскі ізалятар на Акрэсціна. Ён адзін з ўсіх затрыманых 19 студзеня трапіў пад арышт за тое, што ўголас запатрабаваў свабоды палітвязням.

      Валеры Сядоў прыйшоў да Чырвонага касцёла з абразом і партрэтам зняволенага Міколы Статкевіча. Ля помніка архангела Міхаіла людзі запальвалі свечкі ў знак салідарнасці з рэпрэсаванымі ўдзельнікамі мітынгу, які адбыўся 19 снежня па заканчэнні выбараў. Валеры Сядоў жорстка выказаўся ў адрас Лукашэнкі і яго памагатых. Са словамі “Свабоду! ён паставіў сярод знічак і партрэт палітыка.

      “Чалавек галадае, — зазначыў спадар Сядоў. — Я за ўсіх вязняў, натуральна. Але ўсе партрэты не возьмеш. Зараз цяжка ім.

      Службоўцы органаў усё здымалі на відэа. Паўсюль былі асобы ў цывільным. “Ну, натуральна, я думаю, што яны і мяне зараз схопяць, — сказаў у размове Валеры Сядоў. На пытанне журналіста замежнага СМІ: “Вы мужны чалавек?, ён адказаў:

      “Не, я б не сказаў, што я мужны чалавек. У мяне сям’я, дзіцё маленькае. Але ёсць мяжа, калі чалавек павінен вызначыцца. Ці ён застаецца чалавекам, ці ён становіцца баязлівай жывёлай. Якую пастух бізуном пагоніць на пашу ці загоніць у стайню. Нас хочуць ператварыць у быдла". Мужчына адзначыў, што 19 снежня яго не было ў Мінску. "Але япамятаю, як мяне падтрымлівалі, калі я сядзеў у турме на Валадарскага. Я зразумеў, што проста мой абавязак прыйсці і падтрымаць тых, хто зараз за кратамі сядзіць.

      Пасля акцыі супрацоўнікі ў цывільным затрымалі Валерыя Сядова. Карэспандэнту Радыё “Свабода Алегу Груздзіловічу 21 студзеня пацвердзілі, што затрыманы знаходзіцца на Акрэсціна. “Выйдзе на волю 31-га а 20.10", — паведаміў дзяжурны ізалятара. Вынікае, што мужчына атрымаў 12 сутак арышту.

      Як нагадвае Радыё “Свабода, у 1990 годзе Валеры Сядоў браў удзел у антыкамуністычным шэсці ў Мінску. Па тагачасным праспекце Леніна прайшлі з антыкамуністычнымі плакатамі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Да помніка Леніна ўдзельнікі акцыі ўсклалі сімвалічныя "дары камунізму": калючы дрот, шыбеніцу, ватоўку вязня ГУЛАГу.

      Валеры Сядоў спрабаваў прымацаваць да фігуры Леніна вяроўку. Пазней актывіста арыштавалі і некалькі месяцаў утрымлівалі ў ізалятары на Валадарцы. У абарону Сядова ў Беларусі пачалі праводзіць шматлікія акцыі салідарнасці. Лідар парламенцкай апазіцыі БНФ Зянон Пазьняк наведваў актывіста на Валадарцы. У выніку крымінальную справу супраць Валерыя Сядова ўлады спынілі. 

      Вечарам 19 студзеня, па звестках праваабаронцаў, затрымалі каля 20 чалавек у раёне КДБ. Захоп адбываўся пераважна на падыходах да будынка гэтай установы. Там таксама збіраліся людзі, каб падтрымаць палітвязняў. Затрыманых даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска. Акрамя двух чалавек, усіх астатніх вызвалілі. А Мікіта Валадзько і Кірыл Кудроў атрымалі штраф па 1 млн. 50 тысяч рублёў. Такую пастанову вынесла суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня.