Валерый Карбалевіч: чым Беларусь можа адказаць на новы пакет санкцый?

Замежныя кампаніі могуць пацярпець, калі Мінск захоча адказаць на новы пакет санкцый, лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч, піша «Еўрарадыё».

dscn3353.jpg

— Прэм’ер-міністр [Раман] Галоўчанка сказаў, што, калі будуць прыняты новыя санкцыі, тады будуць прыняты абмежавальныя захады супраць тых заходніх кампаній, якія знаходзяцца ў Беларусі, — нагадвае Карбалевіч.
Паводле слоў прэм’ера, Мінск мае «поўнае права кампенсаваць» шкоду ад санкцый, у тым ліку праз увядзенне абмежаванняў у бок замежных кампаній, што тут працуюць. Паводле Галоўчанкі, у Беларусі працуе 300 літоўскіх кампаній, 200 украінскіх, 160 латвійскіх, 150 нямецкіх, 140 польскіх.
— Бо калі наносяць страты нашым кампаніям, нашым прадпрыемствам, ці мы не маем права нанесці страты заходнім кампаніям? Гэта мы адказваем. Нас вымушаюць, — каментаваў Галоўчанка.
Карбалевіч не лічыць, што ў выніку новых санкцый гаворка можа ісці пра татальную нацыяналізацыю.
— Але гаворка ішла пра тое, што ў вас тут бізнес — і ён пацерпіць, — кажа палітолаг і дадае, што пацярпець можа не только бізнес. — У Беларусі працуе «Радыё Свабода». Вось яшчэ адзін прадмет торгу ў канфлікце з ЗША. Пэўныя варыянты ў беларускага боку ёсць.
Беларусь гатовая пасварыцца не толькі з еўрапейскім бізнесам, але і з міжнароднай супольнасцю, вынікае са слоў Карбалевіча. Так ён пракаментаваў прыпыненне работы офіса Вярхоўнага камісара па правах чалавека ў Мінску.
— Адна рэч — канфлікт Беларусі з Захадам. А офіс па правах чалавека — гэта структура ААН. І гэта канфлікт не з Захадам, а з сусветнай супольнасцю.