Валерый Карбалевіч пра фільм «Забіць прэзідэнта»: набор стандарных прыёмаў з арсеналу «чорнага піяру»

Палітычны эксперт Валерый Карбалевіч у сваёй калонцы на «Свабодзе» выказаўся з нагоды чарговага «выкрывальнага» кіно на тэлеканале ОНТ.

3582_mad_max_img1.jpg

— Новы фільм «Забіць прэзідэнта», паказаны ўвечары 28 красавіка дзяржаўным тэлеканалам АНТ, мала што дадаў да першага фільма на гэтую тэму, які дэманстраваўся дзесяць дзён таму. Хіба што высветліўся такі факт: Юрася Зянковіча КДБ «вёў» яшчэ са жніўня мінулага году, — піша Валерый Карбалевіч. — 

Фільм не даў адказу на самае галоўнае пытанне: ці была змова? Там апавядаецца пра шматлікія размовы на тэму сілавога захопу ўлады. Аднак змова — гэта не размовы. Прыкметай змовы з'яўляецца канкрэтны план, які прадугледжвае задзейнічанне сілавых рэсурсаў. Якое канкрэтна вайсковае падраздзяленне каторы аб’ект захоплівае, хто за што адказвае, якая дата перавароту і іншыя дэталі. Вось такім мусіў быць план змовы, калі б гэта былі рэальныя намеры.

Але, як можна зразумець з фільма, пра нейкую, хоць і сумнеўную, канкрэтыку гаварыў толькі спецслужбовец, які прадстаўляўся афіцэрам Міністэрства абароны. Сумнеўную з розных прычынаў. Вось хоць бы ягоная рэпліка, што ён мае кола зносін з 300 асобамі ў апараце міністэрства мусіла выклікаць недавер.

Усё астатняе — балбатня.

Яшчэ адзін канкрэтны факт, які можа сведчыць пра рэальнасць змовы — гэта грошы, якія нібыта перадаваліся вайскоўцам. Бухгалтарка мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч зняла грошы з карткі Зянковіча і паклала ў ячэйку, а потым у нейкі «схрон» на клада́х. Калі меркаваць па пакеце, які паказалі, то грошы невялікія. Максімум некалькі тысяч даляраў. Гэта несурʼёзна, перавароты за такія сумы не робяцца. Верагодна, гэта асабістыя грошы Зянковіча. Але якая змова, такія і грошы.

І другое важнае пытанне: роля ЗША ў гэтай нібыта змове. Аўтары фільма імкнуцца даказаць, што за ўсёй гэтай гісторыяй стаяць амерыканскія спецслужбы. Але выглядае гэта вельмі нацягнута і непераканаўча.

Найперш паказваюць заявы Зянковіча падчас перамоваў. Відавочна, што той, каб надаць сабе большую вагу, бляфуе, намякаючы на нейкія сувязі ў кіраўніцтве ЗША. Але, звярніце ўвагу, гэтыя кантакты ўвесь час розныя і вельмі няпэўныя: «Вашынгтон», габрэйскія арганізацыі. Ці вось гэтая рэпліка: «Я знайду выхад на Лэнглі» (штаб-кватэра ЦРУ). То бок выхадаў яшчэ няма, ён яшчэ толькі збіраецца гэта рабіць.

У адным выпадку Зянковіч нават кажа, што калі пра нашыя пляны даведаюцца амерыканскія спецслужбы, то мы можам апынуцца за кратамі. Там, у ЗША, а не ў Беларусі.

Пра адзіны кантакт Зянковіча з амерыканскімі спецслужбамі той гаворыць ужо падчас допыту. Гэты кантакт быў тады, калі ён прымаў амерыканскае грамадзянства. Людзі, адзін з якіх прадставіўся супрацоўнікам ФБР, спыталі, ці не супрацоўнічае той з КДБ. Гэта стандартная працэдура пры атрыманні амерыканскага грамадзянства.

А далей, здаецца, пайшлі нейкія фантазіі Зянковіча. «Я думаю, трэці чалавек быў прадстаўніком ЦРУ... Пасля чаго яны спыталі, ці не хачу я папрацаваць на амерыканскі ўрад».

Тут узнікае некалькі пытанняў. Чаму чалавек з ЦРУ не назваўся, калі рабіў такую важную прапанову? Якую цікавасць для ЦРУ ўяўляе памочнік адваката у Нью-Ёрку? Не паказалі, што ж адказаў Зянковіч. Калі ЦРУ яго завербавала, то чаму падчас перамоваў са «змоўшчыкамі» ён гаварыў толькі пра намер знайсці «выхад на Лэнглі»?

Усё астатняе — гэта набор стандарных прыёмаў з арсеналу «чорнага піяру», каб мацней дыскрэдытаваць апанентаў рэжыму (грошы Сораса, джыпы з Літвы, склады з выбухоўкай і інш.).