Валерый Карбалевіч пра новы заканапраект: Апанентам рэжыму забароняць любую дзейнасць, дна няма
Для чаго ўлады адраджаюць крымінальную адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый?
![dsc_7076_1_1.jpg dsc_7076_1_1.jpg](/img/v1/images/dsc_7076_1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Беларусі прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за
ўдзел у ліквідаваных і незарэгістраваных арганізацыях — адпаведны законапраект
ужо ўхваліла Палата прадстаўнікоў.
Якія арганізацыі раней за іншых рызыкуюць трапіць пад удар і
ці будуць улады даводзіць да прысуду кожную справу або абмяжуюцца асобнымі
паказальнымі карамі для застрашвання нелаяльных?
— Шчыра кажучы, у мяне няма адказу на пытанне, па кім першым прыйдзецца ўдар, — сказаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг
Валерый Карбалевіч.
Эксперт нагадаў, што падобнае заканадаўства ўжо існавала ў
Беларусі раней. Адпаведны артыкул 193.1 з'явілася ў КК РБ напярэдадні
прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, па ім былі прыцягнуты да адказнасці больш за
паўтара дзясятка чалавек, і ўлады неаднаразова аказвалі з яго дапамогай ціск на
праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў.
— Потым (у 2018 годзе) дзейнасць ад імя
незарэгістраванай арганізацыі перавялі ў статус адміністрацыйных
правапарушэнняў, — нагадвае Валерый Карбалевіч. — А цяпер зноў вяртаюць
крымінальнае пакаранне.
Зразумела, што задача гэтай ініцыятывы прэвентыўная:
запалохаць, не дапусціць дзейнасць ліквідаваных арганізацый, каб яна не
аднавілася. Наколькі гэты артыкул будзе рэальна дзейнічаць, пакуль складана
сказаць, роўна як і складана ідэнтыфікаваць, якім чынам ён парушаўся.
У Беларусі ж ёсць артыкулы, так скажам, «маўклівыя» — наколькі я ведаю, за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь
і органаў улады нікога пакуль не судзілі, хоць такі артыкул ёсць і, у прынцыпе,
любога журналіста можна па ім прыцягнуць.
У цэлым, адзначае палітолаг, дзеянні ўладаў з'яўляюцца
лагічным працягам узмацнення жорсткасці «антырэвалюцыйнага» заканадаўства, якое адбываецца ў Беларусі ў апошні год.
— Адбываецца ліквідацыя любой легальнай дзейнасці для ўсіх апанентаў рэжыму, для ўсіх іншадумцаў. Дна няма, і я думаю, што па меры ўзмацнення жорсткасці рэжыму будзе больш жорсткім і заканадаўства, — рэзюмуе Валер Карбалевіч.