Варфаламей Сянкевіч: Нашы дзеянні будуць рашучымі
У сувязі з чарговымі расісцкімі інцыдэнтамі, якія адбыліся ў час апошніх некалькі тыдняў, у Беласток прыехаў міністр унутраных спраў Польшчы Варфаламей Сянкевіч. Сустрэўся ён з камендантам падляшскай паліцыі і прадстаўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі. Гаварыў таксама з ваяводам і прэзідэнтам Беластока.
Варфаламей Сянкевіч
Варфаламей Сянкевіч запэўніў, што бліжэйшым часам пры ваяводстве ўзнікне спецыяльная група супрацьдзеяння расізму і ксенафобіі на Падляшшы:
— Выкарыстаем усе магчымыя сродкі, каб людзі, якія зрабілі гэта, былі пакараныя. Акрамя таго, выкарыстаем усе магчымыя нацыянальныя рэсурсы, сілы і сродкі, каб падобныя інцыдэнты ў будучыні не паўтарыліся. Нашы дзеянні будуць рашучымі.
Нагадаем, што ў мінулы чацвер невядомыя выбілі шыбу і падпалілі дзверы кватэры сям’і, якую наведала дачка з мужам-індусам. Гэта ўжо чацвёртае падобнае здарэнне ў Беластоку цягам года, у час якога пацярпелі іншаземцы ды прадстаўнікі падляшскіх нацыянальных меншасцяў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя