Варняны. Залессе. Лужкі. Віцебск. Масты

Варняны. Новыя адкрыцці мастацтва мінулага

У Варнянах, што на Астравеччыне, рамантуюць касцёл XVІІІ стагоддзя. У адной з закрыстыяў пад слоем тынкоўкі была знойдзеная фрэска з выявай ксяндза. Постаць маладога паўнаватага чалавека надзіва рэалістычная. Відавочна, выява зробленая з натуры і прадстаўляе канкрэтную асобу.

Варняны. Новыя адкрыцці мастацтва мінулага
У Варнянах, што на Астравеччыне, рамантуюць касцёл XVІІІ стагоддзя. У адной з закрыстыяў пад слоем тынкоўкі была знойдзеная фрэска з выявай ксяндза. Постаць маладога паўнаватага чалавека надзіва рэалістычная. Відавочна, выява зробленая з натуры і прадстаўляе канкрэтную асобу.
3 храмам звязана першая згадка пра гэты населены пункт, калі ўладальніца маёнтка Марына Сангайлава ў 1462 годзе ахвяравала на будаўніцтва касцёла Божага Цела і плябані. Цяперашні касцёл Святога Юрыя быў пабудаваны паводле праекту дойліда А. Касакоўскага ў 1767–1769 гадах на месцы ранейшага. Касцёл вярнулі вернікам у 1990 годзе. Цяпер сярод іншых рэліквіяў тут будзе і гэты ацалелы твор мастацтва. Раней увесь касцёл быў шчодра распісаны, і нас яшчэ чакаюць цікавыя знаходкі.
Залессе. Чарговая спроба адраджэння
7 жніўня 2010 года ў маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага адбыўся фестываль-кірмаш «Залессе запрашае сяброў». У праграме фестывалю — выстава-продаж вырабаў народных майстроў, экскурсія па маёнтку Агінскіх, канцэрт мастацкай самадзейнасці былых і цяперашніх жыхароў Залесся ды навакольных вёсак, а таксама гасцей з-за мяжы (Польшча, Літва, Латвія), танцавальны майстар-клас (вас навучаць першым крокам паланеза — вядомага ў даўніну танца). Тут можна было пакаштаваць традыцыйныя мясцовыя стравы і напоі, навучыцца іх гатаваць, сфатаграфавацца з «уладаром маёнтка» Агінскім, заказаць свой партрэт у мясцовага мастака, набыць сувеніры з візітоўкай Залесся, дары Залескай зямлі: бульбу і гародніну, грыбы і ягады, мёд, малако і мясцовыя сыры, «свойскія» яйкі і масла.
Лужкі. Што патрэбна ўладам
Кіраўніцтва Шаркоўшчынскага раёна Віцебскай вобласці праігнаравала прапанову грамадскасці пра сумесную рэалізацыю праекту ўзнаўлення старадаўняга мястэчка Лужкі. Так лічыць старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён нагадаў, што гэта прапанова прагучала яшчэ ў мінулым месяцы ў Лужках на пасяджэнні круглага стала з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і мясцовых уладаў.
Астаповіч прапанаваў службоўцам падаць сумесную заяўку на грант для ўзнаўлення ў Лужках шэрагу помнікаў архітэктуры. Сярод іх — сінагога сярэдзіны XIX стагоддзя, звязаная з жыццём бацькі сучаснага іўрыту Эліэзэра Бэн-Егуды (Лейзера Іцхака Перэльмана), які нарадзіўся ў Лужках у 1859 годзе і вучыўся ў мясцовым хедэры да 1872 года, а таксама водны млын канца XIX стагоддзя і старадаўняя брукаваная вуліца, якая злучае абодва помнікі. Як адзначыў Астаповіч, пазней была дасягнутая дамоўленасць паміж кіраўнікамі таварыства і мясцовымі ўладамі аб падрыхтоўцы сумеснай заяўкі на грант. Па яго словах, чыноўнікі запэўнілі кіраўнікоў таварыства, што пасля занясення сваіх прапаноў у заяўку яны адправяць яе па электроннай пошце да сярэдзіны дня 2 ліпеня. Але не адправілі.
Віцебск. Адзначылі дзень народзінаў
7 ліпеня выставай жыкле і дэгустацыяй страў габрэйскай нацыянальнай кухні прыхільнікі знакамітага мастака Марка Шагала адзначылі чарговы дзень яго народзінаў. Афіцыйная дата нараджэння — 6 ліпеня, але святкаваў ён заўжды сёмага. «Верагодна, дата 07.07.1887 прыцягвала Марка Шагала сваёй магіяй», — мяркуе дырэктар дома-музея Марка Шагала Ларыса Хмяльніцкая. Сёлета ў гэты дзень у Віцебску адкрылася выстава ізраільскай мастачкі Малкі Ценціпер «Веснавыя мелодыі», а паэт Давід Сімановіч прадставіў сваю кнігу «Скрыпка Шагала, ці Тут засталася яго душа». Прайшлі іншыя мерапрыемствы.
Масты. Экс-дэпутат дзейнічае
Дэпутат райсавета мінулага склікання Дзмітрый Кухлей атрымаў адказ на свой зварот наконт асвятлення пешаходнай дарожкі ў раёне вуліц Лермантава і Будаўнікоў. Ад самага пачатку будаўніцтва новага мікрараёна праблема адсутнасці асвятлення на гэтым участку дарогі хвалявала жыхароў, якія былі вымушаныя дабірацца ў цэнтр горада па неасветленым участку дарогі. Жыхары неаднаразова звярталіся да мясцовых уладаў з просьбай вырашыць гэту праблему.
Зараз Дзмітрый Кухлей атрымаў адказ з ЖКГ, паводле якога ўсталяваны дадатковыя прыборы для асвятлення дарогі ў раёне гэтых вуліц.