Варшава не выдала Мінску прадпрымальніка і актывіcта, які ўцёк ад пераследу

Акруговы суд Варшавы прыняў рашэнне аб забароне экстрадыцыі палітуцекача Аляксея Дрыка ў Беларусь, паведамляе Белсат

img_20181024_132935_587x440.jpg

Прадпрымальніка, які ў 2011-2013 гадах падтрымліваў апазіцыю, спрабавалі завербаць КДБ. Пасля таго, як ціск узмацніўся, Аляксей з’ехаў у Польшчу.
Мінск высунуў супраць Дрыка абвінавачанні ў нясплаце падаткаў буйнога памеру, фальсіфікацыі дакументаў і падатковай дэкларацыі, генеральная пракуратура Беларусі звярнулася да Варшавы з патрабаваннем экстрадыцыі актывіста з Польшчы. Суд меўся вызначыць, наколькі патрабаванне Мінска адпавядае рэчаіснасці.
«Нарэшце разгляд справы завершаны. Суддзя акруговага суду Варшавы прыняла рашэнне аб недапушчальнасці маёй экстрадыцыі. Гэтае рашэнне падтрымала і пракуратура. Раней, перад судом Рада па справах палітуцекачоў прыняла рашэнне пра надаванне мне статусу палітычнага ўцекача», – адзначыў Аляксей Дрык.
Аляксей Дрык прыехаў у Польшчу ў 2014-м годзе пасля пераследу з боку КДБ і спробаў яго завербаваць. Актывіст кажа, што браў удзел у акцыях беларускай апазіцыі з 2006 года, займаўся таксама друкам улётак. У 2011-м годзе малады чалавек распачаў прадпрымальніцкую дзейнасць – адкрыў сваю друкарню, у якой і рабіў друк апазіцыйных матэрыялаў.
Аляксей Дрык атрымаў неабходныя дакументы, ранейшыя абмежаванні, накладзеныя на яго судом, знятыя. Праўда, да гэтага часу актывіст знаходзіцца ў базе вышуку інтэрполу.
«Хачу падзякаваць Руху Салідарнасці «Разам», Руху«За Свабоду!», Хельсінкскаму камітэту. Усім, хто прыходзіў на судовыя паседжанні. Гэта было вельмі важна», – кажа Аляксей.
Разгляд справы Аляксея Дрыка ў Польшчы цягнуўся фактычна 4 гады.