Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў светлагорскім ЛПП

Васіль Парфянкоўзнаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі №1 г. Светлагорска, куды быў пераведзены з ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама 21 верасня. Пра гэта ПЦ “Вясна” стала вядома з афіцыйнай інфармацыі сістэмы ЛПП.



parfiankou_3.jpg

Васіль Парфянкоў. Фота: euroradio.fm

Як высветлілі праваабаронцы, пастанова аб накіраванні Васіля Парфянкова ў ЛПП была прынятая судом Першамайскага раёна Мінска яшчэ 4 верасня без яго прысутнасці. Тым самым суд парушыў частку 4 артыкула 393-9 ГПК РБ, дзе прапісана: “Заява аб накіраванні грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца цягам дзесяці дзён з дня яе паступлення ў суд з абавязковым удзелам прадстаўніка органа ўнутраных справаў, пракурора,грамадзяніна, заява аб накіраванні якога ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца судом”.  А частка 6 гэтага артыкула патрабуе: “У выпадку ўхілення грамадзяніна ад яўкі ў суд , заява аб накіраванні якога ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца судом, ён можа быць падвергнуты прыводу”.

Праваабаронцам не вядома, ці было рашэнне суда выдадзена на рукі Васілю Парфянкову. Але тэрміны, у якія ён мог абскардзіць у касацыйным парадку гэтае рашэнне, ужо прайшлі.

Варта нагадаць, што саму практыку прымусовай ізаляцыі грамадзянаў у ЛПП па-за межамі крымінальнага пераследу праваабаронцы разглядаюць як парушэнне правоў чалавека.    


spring96.org