Велічэзны штраф за старую шыльду
Гродзенскага актывіста, сябра Партыі БНФ Пятра Анісімовіча аштрафавалі на 100 базавых велічынь за шыльду з «Пагоняй«, што 5 год правісела на яго доме, піша racyja.com.
Міліцыянты прыехалі да актывіста ў яго вясковы дом і прымусілі зняць нацыянальны cімвал.
Пётр Анісімовіч распавёў: «Я прыехаў дадому, мяне ўжо чакалі міліцыянты, два ўчастковыя з начальнікам міліцыі Гродзенскага раёна. Мне паказалі на шыльду, якая там вісела, "Пагоня" з назвай вуліцы, рысачка была зверху. Яны прапанавалі мне самому зняць, каб не зламаць. Я зняў, і яны склалі пратакол».
Паводле слоў Пятра Анісімовіча, суд над ім адбыўся толькі на наступны дзень, і суддзя спрабаваў яго весці згодна з законам:
– У мяне быў суд хвілін 50, можа, нават крыху больш ён цягнуўся. Яны выконвалі нейкую літару закону іх. Спрабаваў даведацца, на якой падставе — яны мне вось гэтую пастанову, якая прыйшла 1 сакавіка, не ведаю, закон гэта ці пастанова, мне ўсё сунулі. Што па пастанове гэтай яны мяне і судзяць. Што ўсялякая сімволіка забароненая. Я ім даказваў, што гэта зарэгістраваная сімволіка.
Актывіст лічыць, што такі вялікі штраф ён атрымаў, таму што другі раз за год прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. У лістападзе 2020 года яго затрымалі па вядомым артыкуле 23.34 і «далі» штраф памерам 10 базавых велічынь.