Вельмі дробненька: 90 ператрусаў — і ўсяго 80 тысяч долараў
Учора супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі каля 90 ператрусаў у дамах членаў пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», актывістаў прафсаюза РЭП, БАЖ і медыя-рэсурсаў, паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі Вольга Чамаданава.
Ператрусы па даручэнні Следчага камітэта прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі па крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
«Падставай да правядзення маштабных ператрусаў сталі вынікі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да асоб і арганізацый, якія ажыццяўляюць фінансавую і інфармацыйную падтрымку пратэстаў у Беларусі. Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, яны не проста аказвалі дапамогу, а выступаючы замежнымі агентамі, арганізоўвалі і фінансавалі пратэсты пад прыкрыццём праваабарончай дзейнасці» — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
МУС прыводзіць пералік канфіскаванага падчас следчых дзеянняў: больш за 80 тысяч долараў у эквіваленце, дакументы на атрыманне замежных грантаў і сотні квітанцый на аплату штрафаў фізічных асоб і юрыдычных паслуг, пратэсная літаратура і матэрыялы аб формах і метадах процідзеяння супрацоўнікам міліцыі, у тым ліку гвалтоўнага характару, офісная, фота- і відэатэхніка, мабільныя тэлефоны, банкаўскія карты беларускіх і замежных банкаў.
Паведамляецца аб выяўленні дакументаў з рэквізітамі для грашовых пераводаў. Таксама знойдзеныя расцяжкі, банеры, сцягі, дакументацыя аб уступленні ў стачкамы, анкеты аб аказанні дапамогі «псеўдарэпрэсаваным», літаратура, што «прапагандуе ЛГБТ-каштоўнасці», і сертыфікаты па навучанні ў замежных ВНУ. Сцвярджаецца, што сярод канфіскаванага — «меркавана наркатычныя рэчывы» і «прадмет, падобны на пісталет», якія накіраваны на экспертызу.
Канфіскаваныя прадметы накіраваныя ў Следчы камітэт.
На відэашэрагу, прадастаўленым МУС бачныя:
— архіўныя матэрыялы аж з выбараў 2006 года (агітацыйныя плакаты за Аляксандра Мілінкевіча);
— кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды», што цалкам легальна выдаваліся Радыё Свабода;
— зборнікі вершаў Уладзіміра Някляева і хрысціянскія кнігі Паўла Севярынца;
— цалкам легальны і належным чынам зарэгістраваны ў Мінінфарме часопіс ARCHE (за ім маглі бы зазірнуць і ў «Акадэмкнігу»);
— справаздачы «Вясны» па парушэнні правоў чалавека, цалкам даступныя на праваабарончым сайце.
Галоўнае: 80 тысяч долараў, вынятыя ў выніку 90 ператрусаў. А менш за год таму ГУБАЗіК і Следчы камітэт знаходзілі (праўда, з трэцяй спробы) за канапай у Ціханоўскага аж 900 тысяч долараў! Відавочна, краіна стаіць на парозе сур'ёзнага эканамічнага крызісу.