ЕФЖ і МФЖ заклікалі міжнародную супольнасць «прыняць меры, каб пакласці канец злоўжыванням Лукашэнкі»
Еўрапейская федэрацыя журналістаў і Міжнародная федэрацыя журналістаў патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць пераслед журналістаў і пераслед Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
У дакуменце адзначаецца, што раніцай 16 лютага прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі быў ненадоўга затрыманы беларускімі сілавікамі. Адвакат БАЖ Алег Агееў і прэзідэнт БАЖ Андрэй Бастунец таксама былі затрыманыя, у офісе БАЖ прайшоў ператрус. Іншыя ператрусы і рэйды прайшлі ў аўторак раніцай у дамах і офісах журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах краіны. Паліцыя апячатала памяшканне БАЖ і канфіскавала спіс членаў.
«Гэтыя паліцэйскія аперацыі нацэленыя на некалькі арганізацый, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя арганізацыі. Крымінальны пераслед ажыццяўляецца на падставе артыкула 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Следчыя спрабуюць усталяваць крыніцы фінансавання масавых дэманстрацый, арганізаваных у краіне для аспрэчвання вынікаў фальсіфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 года», — гаврыцца ў заяве.
Супрацоўнікі АМАПу наведалі дом пазаштатнай журналісткі Ларысы Шчыраковай ў Гомелі. Яшчэ адзін журналіст з Гомеля, Анатоль Гатоўчыц, таксама абвешчаны ў вышук.
Ператрусы прайшлі таксама ў доме журналіста Алеся Буракова-малодшага ў Магілёве, у доме прэс-сакратара Беларускага праваабарончага дома Барыса Звозкова і ў доме намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева.
ЕФЖ і МФЖ заклікаюць АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрапейскі Саюз прыняць меры для аднаўлення вяршэнства права ў Беларусі.
«Ужо некалькі тыдняў мы асуджаем узмацненне рэпрэсій дэмакратычных сіл у Беларусі. Пасля адміністрацыйных і крымінальных пераследаў журналістаў беларуская дыктатура цяпер нападае на прадстаўнічую арганізацыю журналістаў. Надышоў час міжнароднай супольнасці нарэшце прыняць меры, каб пакласці канец злоўжыванням нелегітымнага прэзідэнта Лукашэнкі», — заявіў прэзідэнт EFJ Могенс Блайхер Б’ерэгорд.
Прэзідэнт МФЖ, Ёнэс M’яхед, сказаў: «Гэты пераслед у дачыненні да беларускіх журналістаў павінны быць неадкладна спынены. Мы рашуча асуджаем гэты абуральны акт гвалту і рэпрэсій і патрабуем ад урада Лукашэнкі спыніць пераслед нашых калегаў. Мы таксама заклікаем міжнародныя арганізацыі прыняць больш жорсткія меры, каб абмежаваць дзеянні ў дачыненні да работнікаў сродкаў масавай інфармацыі».