Віцебск, Магілёў, Гомель і Гродна: старшакласнікі змогуць далучыцца да крэатона «Першыя ідэі»
18 студзеня ў Віцебску стартуе крэатон для старшакласнікаў, удзел у якім могуць прыняць вучні з усёй Беларусі. Ён адбудзецца ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. У лютым крэатоны таксама пройдуць у Магілёве, Гродне і Гомелі.

Першы крэатон будзе прысвечаны культуры і пройдзе
ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва (вул. Белабародава, 5) 18 студзеня з 12
да 16 гадзін. Да ўдзелу запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усёй краіны,
якім цікава патрэніравацца генерыраваць ідэі, а таксама прадстаўляць іх на
публіцы і атрымаць парады ды каментары ад экспертаў. Удзел у крэатоне – бясплатны
па папярэдняй
рэгістрацыі.
Старшакласнікам пакажуць некалькі ролікаў TED для
далейшага абмеркавання ў невялікіх групах пад кіраўніцтвам ментараў, кожны з
якіх дапаможа камандам распрацаваць уласныя ідэі па тэмах паказаных
відэавыступленняў і прэзентаваць іх перад аўдыторыяй.


У Віцебску школьнікі будуць гаварыць пра музеі,
папулярнасць папяровых кніг і брэнд роднага горада як культурнай сталіцы. Па
выніках абмеркавання журы з ліку мясцовых экспертаў па вызначаных тэмах, прадстаўнікоў
кампаніі А1 і мясцовай супольнасці TEDx абярэ лепшыя выступленні, ідэі і ўзнагародзіць
іх аўтараў.
Для таго, каб натхніцца тэмай культуры і паглыбіцца ў яе, напярэдадні воркшопа 18 студзеня арганізатары сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя» выпусцілі другі эпізод беларускамоўнага падкаста для падлеткаў. У гутарцы з вядучым Дзмітрыем Смірновым акцёр і рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Раман Падаляка распавядае, якія спектаклі варта наведваць моладзі, да каго звяртацца па дапамогу пры рэалізацыі культурніцкіх праектаў і як да іх рыхтавацца.


Да кожнага з наступных крэатонаў таксама будуць выходзіць новыя эпізоды падкаста, гаворка ў якіх пойдзе пра дзейнасць у галіне тэхналогій, экалогіі і інклюзіі.
«Першыя» – гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак яшчэ працягваецца, і прапанаваць сваю задуму да 8 сакавіка могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз – iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk.
Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце праекта «Першыя».