Відавочцы: «Так шмат людзей супраць улады яшчэ ніхто не аб'ядноўваў»
Па словах відавочцаў, каб падпісацца за адмену дэкрэта аб дармаедстве, людзі ў Мінску выстройваюцца ў чаргу.
Збор подпісаў супраць скандальнага падатку ўжо праходзіць не толькі ў інтэрнэце, але і на вуліцах. Па словах лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, які разам з камандай арганізаваў збор подпісаў у цэнтры Мінска, людзі ўдзельнічаюць у акцыі вельмі актыўна.
— Адзiн подпiс за 2,5 хвiлiны, 148 за гадзiну. Вельмi пазiтыўна, — напісаў палітык на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Прымаючы да ведама, што будзе абмеркаванне i галасаванне ў ПП НС, тут важны кожны подпiс. Зробiм больш моцным голас Ганны Канапацкай. Змагацца трэба з беспрацоўем, а не беспрацоўнымi.
Адзначым, што раней дэпутат ад апазыцыі ў беларускім парламенце Ганна Канопацкая заклікала беларускія ўлады неадкладна адмяніць дэкрэт «аб дармаедстве». Таксама аб сваёй гатоўнасці арганізаваць масавую акцыю пратэсту супраць абсурднай ініцыятывы ўладаў заявілі незалежныя прафсаюзы.
Актыўнасць беларускіх грамадзян, якія выступаюць супраць названага дэкрэта, заўважылі і карыстальнікі сацыяльных сетак.
Паводле gazetaby.com