Ганна Канапацкая адкрывае грамадскую прыёмную

15 студзеня пачынае працу тэматычная прыёмная дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў шостага склікання Ганны Канапацкай і прыхільнікаў пераменаў.

Фота ePramova.

Фота ePramova.


Пра гэта Свабодзе паведаміла Ганна Красуліна — прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, да якой належыць і спадарыня Канапацкая:
«Гэта новая пляцоўка для сумеснай працы па актуальных пытаннях каманды Ганны Канапацкай, грамадcкіх ініцыятываў, грамадзянаў, структураў дзяржаўнай улады, экспертнай супольнасці, журналістаў.
15 студзеня ў парадку дня — экалагічныя пытанні: праблема ўшчыльненняў, шкодныя вытворчасці, альтэрнатыўная энергетыка, утылізацыя сьмецця, чыстая вада ды іншыя.
Па выніках кожнага прыёму будзе распрацаваны план дзеянняў, у рэалізацыю якога будзе далучаны і той, хто прыйшоў, прыехаў, прапанаваў!
Што гэта можа быць? Магчыма, гэта стварэнне групы (групаў) па падрыхтоўцы законапраектаў. Або дэпутацкі запыт. Або аналітычная запіска ў органы ўлады. Гэта можа быць таксама круглы стол або слуханні з прыцягненнем розных арганізацыяў, структураў, органаў улады.
15 студзеня на сустрэчу прыйдуць Ганна Канапацкая і яе памочнікі. Да нас далучацца некалькі экспертаў у пытаннях экалогіі. Мы разлічваем на тое, што адгукнуцца спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў.
Першы прыём дэпутацкай тэматычнай прыёмнай пройдзе па адрасе: Мінск, вуліца Веры Харужай, 22-1701 (17-ы паверх) з 11:00 да 14:30.
Прыёмная будзе мабільнай — гэта значыць яе адрас можа мяняцца, прыём можа праходзіць у розных месцах у залежнасці ад тэмы».