Віскулі — «не наша» дата
Лічыць 8 снежня 1991 году, дзень падпісання Віскулёўскіх пагадненняў — днём набыцця Беларуссю незалежнасці — тыпова расійскі погляд.
Падпісанне белавескага пагаднення, 8 снежня 1991, Віскулі.
8 снежня 1991 году ў Белавескай пушчы кіраўнікі, Беларусі (Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч), Расіі (Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс) і Украіны (Леанід Краўчук і Вітольд Фокін) падпісалі
Дамову аб спыненні існавання СССР. Тым самым быў пакладзены канец сітуацыі, пры якой адначасна існавалі незалежныя краіны і так званы «цэнтар» (прэзідэнтура Гарбачова), які згубіў
усялякія рычагі кіравання.
Гэты дзень сапраўды можна лічыць датай фармальнага завяршэння існавання СССР. І ён безумоўна адыграў станоўчую ролю ў дэмантажы савецкай імперыі без «вялікай крыві». Але браць
яго пунктам адліку беларускай (альбо ўкраінскай) незалежнасці, як гэта часам робяць журналісты, палітолагі і нават гісторыкі — няправільна.
Незалежнасць Беларусі была абвешчана 25 жніўня 1991 году.
Для мяне тут не існуе дылемы — хаця б таму, што ёсьць хрэстаматыйны прыклад.
4 ліпеня 1776 году была падпісаная Дэкларацыя незалежнасці паўночнаамэрыканскіх калоніяў ад Каралеўства Вялікай Брытаніі. Перад гэтым, як вядома, была вайна з брытанцамі. І пасля —
таксама: баявыя дзеянні ішлі яшчэ сем гадоў, а прызнанне Георгам III незалежнасці калоній адбылося 3 верасня 1783 году. (Тое, на што ў XVIII стагоддзі для амерыканцаў пайшло сем гадоў, у 1991-ым
годзе для Беларусі заняло крыху больш за тры месяцы: ад 25 жніўня да 8 снежня.)
З пункту гледжання Лондану Амерыка зрабілася незалежнай ў 1783-ім; з пазіцыі Вашынгтону — у 1776. Невялікая папраўка: з пункту гледжання тагачаснага Лондану; сёння ж у Вялікай Брытаніі
нікому не прыйдзе ў галаву уважаць за Дзень незалежнасці ЗША год, калі гэтую незалежнасць прызнаў іх кароль (я ўжо не кажу пра тое, што ніхто ў ЗША не адзначае дзень 3 верасня 1783).
А мы сёньня жывем у сітуацыі, калі ў Маскве (дый не толькі ў Маскве) шмат кім пунктам адліку беларускай Незалежнасці лічыцца дзень, калі яе прызнаў прэзідэнт Расіі: 8 снежня 1991 году.
Тут ужо мяне паправяць: у Маскве, у Крамлі Беларусь незалежнай увогуле не лічаць.
Калі так — гэта іх справа.
У нас ёсць — свае справы, і свае даты календара: 25 сакавіка 1918, калі была абвешчана незалежнасць БНР, 27 ліпеня 1990, калі была прынятая Дэкларацыя аб суверэнітэце, і 25 жніўня 1991,
калі Беларусь была абвешчана незалежнай краінай.
Сяргей Навумчык, svaboda.org