Віталь Рымашэўскі: Улады фактычна выгналі з краіны аднаго з лепшых каталіцкіх святароў

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі раскрытыкаваў той факт, што ўлады Беларусі адмовілі ў наданні беларускага грамадзянства каталіцкаму святару з Гомеля Славаміру Ласкоўскаму.

1495975466_085648ceec5136f96a922e7f5da3f7b0_xl.jpg

Пасля 28 гадоў служэння ён пакінуў краіну і вярнуўся ў Польшчу, хаця 5 гадоў таму падаваў прашэнне аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь.
«Чаму ў Беларусі даюць грамадзянства Бакіeву і адмаўляюць таму, хто аддаў служэнню Богу і беларусам 28 год?!! Улады фактычна выгналі з краіны аднаго з лепшых каталіцкіх святароў. Сваім служэннем а. Славамір дапамагаў людзям і спрашчаў працу дзяржаве, якая не можа належным чынам выконваць свае сацыяльныя абавязкі. Ён дапамагаў абяздоленым, жабракам, дзецям- інвалідам... Чаму яму адмовілі ў грамадзянстве? Дзе логіка? Гэта не логіка - гэта дух. Дух пагарды да простых людзей, дух маны і крывадушша, якім жыве беларуская ўлада, - ён ненавідзіць, не выносіць такіх як а. Славамір. Бо айцец з любоўю служыў і ўздымаў тых, каго беларускія улады імкнуцца знішчыць, зняважыць, альбо проста праігнараваць - наркаманам , алкаголікам, бамжам, дзецям-інвалідам. За што выгналі? Ды проста за тое, што ён сваім служэннем быў маўклівым дакорам тым, якія таксама пастаўленыя служыць народу, але замест гэтага — зневажаюць і рабуюць», — адзначыў сустаршыня БХД.
Віталь Рымашэўскі таксама выказаў падзяку айцу Славаміру за «працу дзеля Госпада ў Гомелі», папрасіў прабачэння, што «беларусы пакуль няздольныя прыняць і абараніць», і пажадаў яму Божых дабраславенняў Вам ва ўсім.
Паводле bchd.info