Віталь Рымашэўскі: замест рэформаў улады вяртаюць прыгонную сістэму
У закладніках дэкрэту «аб дармаедах» — сотні тысяч беларускіх сем’яў. У закладніках таксама нацыянальная эканоміка. Дакладней, перспектывы яе развіцця...
Не прайшло і паўгода пасля веснавых акцый пратэсту, як чыноўнікі прапануюць абноўлены дэкрэт "аб дармаедах”, сутнасць якога — самыя бедныя мусяць плаціць за дзяржаўную медыцыну і адукацыю (у тым ліку, сваіх дзяцей?!) альбо за капейкі працаваць на дзяржпрадпрыемствах. Так пракаментаваў апошнія рашэнні ўладаў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
"У абодвух выпадках — у закладніках сотні тысяч беларускіх сем’яў. У закладніках таксама нацыянальная эканоміка. Дакладней, перспектывы яе развіцця. Замест эканамічных рэформаў беларускія ўлады бяруць курс на вяртанне прыгоннай сістэмы. Прывязка людзей да дзяржпрадпрыемстваў, магчыма, і дапаможа працягнуць беларускай сістэме яшчэ пару год, але адначасна моцна ўдарыць па развіцці рынкавай эканомікі ў краіне, бо яе аснова — ініцыятыва знізу, здольнасць людзей да самазанятасці, да самастойнага стварэння новых дзелавых ініцыятыў”, — адзначыў ён.
Паводле яго, "каб уратаваць беларускую эканоміку ад заняпаду, а беларускія сем’і ад галечы — неабходна разам выпрацаваць альтэрнатыву Дэкрэту № 3 і прымусіць улады пайсці насустрач людзям. Неабходна народная эканамічная альтэрнатыва”.
bchd.info