Вітольд Ашурак: Галоўную перамогу мы ўжо атрымалі

Учора, 8 красавіка, судовая калегія пакінула ў сіле прысуд палітзняволенаму з Лідчыны Вітольду Ашурку: 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. На апеляцыі Вітольд не прысутнічаў, не ўключалі і відэасувязь. Цягам бліжэйшага тыдня — дзесяці дзён вязня этапуюць у калонію, пакуль невядома, у якую. Але на іншы вынік Вітольд і не разлічваў і працягвае трымацца бадзёра — пра гэта ён піша ў лісце, які акурат учора атрымала ад яго наша журналістка. Прыводзім ліст у скарачэнні.

Фота са старонкі Руха «За Свабоду» ў Фэйсбуку

Фота са старонкі Руха «За Свабоду» ў Фэйсбуку

Самая вялікая праблема чалавека як індывідуўма — застацца ў самоце і адчуць сваю нязначнасць, нікчэмнасць. Такая самота даводзіць чалавека да вар’яцтва. Але ці самотныя мы з вамі? Нават каб нас змясцілі ў замак Іф, то і там мы не адчувалі б маральнай самоты! Бо мы добра ўсведамляем сабе, што мы — частка беларускай нацыі, супольнасці людзей, аб’яднаных ідэяй пабудовы беларускай дэмакратычнай дзяржавы. Гэтую непарушную сувязь паміж намі нельга забараніць ці знішчыць. Яна належыць толькі нам. Адна з адметнасцей нашага часу — салідарнасць, а гэта і ёсць тая непарушная сувязь!
А ці маюць салідарнасць нашы ворагі?
Рэсурсы захопленай краіны яны маюць. А вось салідарнасці паміж сабою яны якраз-такі і не маюць! Гэта як пабудаваць дом на пяску. Няхай ён і будзе мець моцныя мураваныя сцены, але ён рухне, бо не мае належнага падмурку.
Наша сіла нашмат мацнейшая, чым мы сабе ўяўляем. Падсвядома вораг гэта разумее, таму мы і бачым шалёную мітусню з запалохваннямі і шаманскімі скокамі з шаластунамі вакол вогнішча — маўляў, мы таксама маем «ідэю саўдэпіі». Смеху варта! А па факце — яны б’юць нас за грошы, а мы смяёмся ім у твар бясплатна. Наш рэсурс — неабмежаваны! Яны садзяць нас у турмы, а мы дапамагаем адно аднаму. Мы пашыраем сваю прастору і на турмы! Не мы ў аблозе — нашы ворагі адчуваюць сябе прыхаднямі ў акупаванай імі краіне!
Нам застаецца толькі адно — прыняць капітуляцыю знясіленага супастата. І мы гэта зробім! Таму што галоўную перамогу мы ўжо атрымалі — мы адчулі сваю сілу і маральную перавагу.
Памятайце, што 2021 год — год Беларускай Перамогі!