Мікалай Статкевіч: Цяпер можна ўсіх, хто апошнія 15 гадоў крытыкаваў уладу, абвінаваціць у «арганізацыі масавых беспарадкаў»

Жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч апублікавала ў Фэйсбуку ліст ад мужа, у якім ён тлумачыць, у чым яго абвінавачваюць.

racyja.com

racyja.com


«Адвакаты пад падпіскай. Інфармацыя пра "справу" была толькі з "інтэрв’ю" следчага ў СБ. Яшчэ да гэтага я ўпарта прасіла Мікалая напісаць мне пра сутнасць "абвінавачання" і "падзельнікаў". Урэшце, ён жа падпіскі не даваў», — напісала Марына Адамовіч. І дачакалася адказу ад Мікалая Статкевіча з жодзінскай турмы ад 28 сакавіка.
«Калі ласка, не хвалюйся за мяне. У мяне ўсё нармальна. Адчуваю сябе добра. І ўпэўнены, што ўсё гэта не працягнецца занадта доўга.
Тут ёсць навіны. Нарэшце завершылі "следства". [...]
"Судзіць" разам са мной будуць яшчэ С. Ціханоўскага, А. Сакава, Д. Папова, Ул. Цыгановіча, І. Лосіка. Кожнага з нас абвінавачваюць па арт. 293 ч.1. Акрамя таго, ва ўсіх "саўдзельнікаў", за выключэннем аднаго мяне, ёсць яшчэ дадатковыя артыкулы КК.
Сутнасць "злачынства" апісаная ў "абвінавачанні" надзвычай шматслоўна і заблытана. Але коратка яго можна апісаць так: нашы крытычныя да ўлады выказванні ў інтэрнэце выклікалі рост пратэсных настрояў і прывялі да збору "неарганізаванай масы людзей", якія здзейснілі "масавыя беспарадкі". Значыць, мы — арганізатары гэтых "беспарадкаў". Логіка!
У мяне склалася ўражанне, што нават самі аўтары гэтага шэдэўра юрыспрудэнцыі яшчэ не асэнсавалі зробленага імі каласальнага прарыву ў развіцці юрыдычнай практыкі. Тут жа такія перспектывы адкрываюцца, што аж дыханне сцінае. Цяпер жа можна ўсіх, хто апошнія 15 гадоў (тэрмін даўніны па асабліва цяжкіх злачынствах?) крытыкаваў уладу, абвінаваціць у "арганізацыі масавых беспарадкаў". Праўда, на ўсіх такіх "злачынцаў" месцаў у калоніях не хопіць. Таму пачалі з малога. Ну, а нам застаецца толькі ганарыцца, што нас абралі першымі.
 Думаю, што гэты юрыдычны "прарыў" зверне ўвагу ўсяго свету. Варта чакаць дэлегацый з Венесуэлы, Ірана, Ганконга і г. д. для пераймання перадавога досведу. Нарэшце Беларусь аказалася першай у свеце. Хоць у нечым.
У пятніцу пачаў знаёмства са 110 тамамі (!) гэтай "справы". Кажуць, што гэта зойме месяц».
Нагадаем, Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, яму прысудзілі 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў палітыку яшчэ 15 сутак. Але і пасля іх палітык не выйшаў на волю.