Вярхоўны суд не адмяніў пакаранне незалежнай журналістцы Тамары Шчапёткінай
Такі адказ за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Руслана Аніскевіча атрымала журналістка напярэдадні святаў.
Фота spring96.org
У сваё скарзе Тамара Шчапёткіна прасіла адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста, які пакараў яе па ч.2 арт. 22.9 КаАП — за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Падставай для судовага рашэння стала нібыта інтэрв’ю, узятае ў капітана ДАІ Брэсцкага раёна Сяргея Неліповіча 8 студзеня 2015 года і размешчанае на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Шчапёткіна прасіла праверыць сайт Радыё Рацыя, на якім 8 студзеня не было інтэрв’ю з Неліповічам, таму што яна ўвогуле не брала інтэрв’ю ў гэтага супрацоўніка міліцыі. Журналістка таксама даслала даведку з радыё, у якой гаварылася аб адсутнасці 8 студзеня інтэрв’ю з Неліповічам.
Тым не менш, надуманыя паказанні Неліповіча ў судзе першай інстанцыі былі ўспрыняты Вярхоўным судом «як паслядоўныя і несупярэчлівыя”, а «недакладнасці ў розных дакументах у частцы пэўнага месца інтэрв’юіравання Неліповіча нясутнасныя і не ўплываюць на правільнасць вінаватасці журналісткі», напісаў сп. Аніскевіч у сваім адказе.
«Паясненні трох сведкаў з боку Шчапёткінай пра тое, што не бачылі гэтага інтэрв’ю, знайшлі пэўную ацэнку ў пастанове па справе і абгрунтавана былі абвергнуты ў сувязі з супярэчнасцю іншым доказам па справе».
Нагадаем, што суд Ленінскага раёна Брэста пакараў Тамару Шчапёткіну за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі штрафам у 40 базавых велічынь. У лістападзе 2014 г. журналістку пакараў Бярозаўскі раённы суд за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі штрафам у 30 базавых велічынь.
Тамара Шчапёткіна будзе звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Чытайце таксама:
Незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну абвінавачваюць у незаконным вырабе друкаванай прадукцыі
Справа незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай вернута на новы разгляд
Журналістку Тамару Шчапёткіну не пусцілі на суд па яе справе
Выклік у суд праз СМС: толькі пры фіксацыі адпраўлення і дастаўкі паведамлення адрасату