Вярхоўны суд не задаволіў скаргу БАЖ на папярэджанне Мінюста
Сёння Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў скаргу грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (далей — БАЖ) на папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі пасля маніторынгу дакументаў арганізацыі.

У папярэджанні адзначалася, што скончыліся тэрміны дамовы на арэнду памяшканняў, у якіх знаходзяцца Гомельская і Маладзечанская філіі арганізацыі. БАЖ катэгарычна не пагадзілася з гэтым і ў сваёй скарзе ў Вярхоўны суд прывяла довады і доказы сваёй праваты.
23 жніўня суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Валянціна Кулік разгледзела скаргу журналісцкай арганізацыі і ў выніку вырашыла пакінуць папярэджанне Міністэрства юстыцыі ў сіле. БАЖ не згодная з такім рашэннем і мае намер абскардзіць яго.
Нягледзячы на гэта, у пятніцу, 27 жніўня, суддзя Вярхоўнага суда Інэса Лазавікова пачне разглядаць іск самога Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Працэс прызначаны на 10:00 у зале № 413.
«Беларуская асацыяцыя журналістаў» дзякуе калегам за салідарнасць і падтрымку!
baj.by