20-гадовы назіральнік: «Вельмі проста сказаць, што нам не дадуць нічога зрабіць»

На ўчастку 20-гадовага назіральніка Лукашэнка набраў 50%. Пра назіральнікаў з ініцыятывы #87працэнтаў СМІ неаднаразова пісалі падчас гэтай выбарчай кампаніі. Спачатку хлопцы арганізавалі першую ў гісторыі Беларусі відэатрансляцыю з участку для галасавання. 



nazirannie_piotra_markielau.jpg

Потым пры іх актыўным назіранні тут абвясцілі ледзь не сенсацыйныя вынікі. У асноўны дзень галасавання за Аляксандра Лукашэнку тут прагаласавалі толькі 50% выбаршчыкаў. Пра тое, чаму 20-гадовыя актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці, "Радыё Свабода" пагаварыла з Пятром Маркелавым.


«У 12 год мяне першы раз затрымала міліцыя»

— Адкуль вы родам? У якім асяродку гадаваліся?

— Я нарадзіўся ў Менску ў 1994-м, але першыя пяць год пражыў у Маладзечне. Мне пашчасціла — мае бацькі дактары, таму са здароўем ніколі праблемаў асаблівых не меў, а ў паліклініку наведваўся раз на колькі год. Бабулі ў мяне — настаўніцы фізікі і хіміі, таму і з дакладнымі навукамі было добра.

Вучыўся ў беларускамоўнай школе № 60 да пятага класы, потым — у гімназіі № 23. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ліцэі БДУ.

gdb.rferl.org__5f2e4544_3edd_4_51ae54e39a904c99e43589a9f91bc3d9.jpeg

— З чаго і калі вы зацікавіліся палітыкай?

— Першае, што памятаю, — як у 2006 (мне тады было 12) разам з аднакласнікамі хадзілі на сядзібу БНФ, якая тады яшчэ мясцілася на праспекце Машэрава, побач з Акадэміяй МУС. Набіралі значкаў «За свабоду», рознага кшталту налепкі («Нам лгут», «Джынсавая рэвалюцыя», «Свабода», з Мілінкевічам). Потым хадзілі, ляпілі па ўсім горадзе.

Памятаю, наляпіў аднойчы налепку наўпрост на слуп ля ўваходу ў Акадэмію. Выбег міліцыянт, зацягнуў мяне ў будынак і кажа: «Паказвай, што ў сумцы». Я прымяніў вядомую фішку — дастаў загадзя пакладзены ў маленькі аддзел невялічкі стос налепак з «Мілікам». «Ды гэтым можна ўвесь Мінск абляпіць!» — дзівяцца міліцыянты. Адпусцілі. А сумка — поўная тых налепак... І водар свежага друку, паперы і клею.

Потым яшчэ ежу перадаваў у намётавае мястэчка. На плошчу на Дзень Волі маці не пусціла.

«Мяне зарэгістравалі, а Лябедзку — не»

— Ці ўдзельнічалі актыўна ў палітычным жыцці да мясцовых выбараў?

— Ляпіў налепкі і ў 2010. Быў на плошчы. Ну і пра Зянона крычаў направа і налева: «Толькі Зянон!». Вучыў, што адказваць трэба: «Толькі ён». Я, у прынцыпе, і зараз гэтым займаюся.

— Калі вы далучыліся да нейкага палітычнага руху афіцыйна? Чым займаліся?

— Далучыўся да Руху «За Свабоду» у 2013, пасля «Школы руху». Акурат тады й пачалася перадвыбарчая кампанія. Дарэчы, на тых выбарах я таксама назіраў і меў пазітыўны досвед. Мне дазволілі падыйсці да стала, дзе лічылі галасы, рабіць фота і здымаць відэа.

gdb.rferl.org__0208346c_766a_4_e6b57094eac81d9d9f32ee189549442c.jpeg


— Чаму вырашылі балатавацца ў дэпутаты ў 2014-м?

— Ідэя ўзнікла нечакана, падчас шпацыру з даверанай асобай па раёне. Першае — гэта прастора для творчасці. Студэнт-фізік, «валасацік», як мяне некаторыя звалі, які балатуецца ў дэпутаты ў Беларусі — абсурд, але нешта новае. Пасля ўжо, калі думалі над зместам кампаніі, сфармулявалі мэты: мы ператвараем апалітычнасць людзей праз страх у цікавасць да палітыкі праз смех. Таксама прыцягваем увагу да несамастойнасці мясцовых Саветаў.

Ніхто, акрамя мяне з даверанай асобай, не верыў, што я атрымаю рэгістрацыю ў якасці кандыдата. «Яны рэгіструюць толькі тых, каго патрэбна», — казалі мне. У выніку Лябедзьку не зарэгістравалі, бо падаў дакументы з парушэннямі закона, яшчэ некага — бо не сабраў дастатковую колькасць сапраўдных подпісаў.

І такое адбываецца ўвесь час. Людзі адмаўляюцца нешта рабіць, упэўнена аргументуючы: «нас не зарэгіструюць», «нам не дазволяць», «толькі час і нервы змарнуем». Насамрэч трэба казаць «мне лянота».

А мы вырашылі паспрабаваць, і ў нас атрымалася. Не трэба загадзя казаць, што нічога не выйдзе. Трэба працаваць з гэтай сістэмай, не ленавацца. Нават у нашых умовах можна нешта зрабіць.

— Вы сур’ёзна збіраліся стаць дэпутатам ці гэтая кампанія была больш жартам?

— Канешне, гэта была жартоўная кампанія. Я да гэтага часу не ведаю, колькі адсоткаў атрымаў.

«Дэкан сказаў, што я клоун, ганьба для факультэта»

— Як паставіліся да вашага намеру бацькі?

— Пасмяяліся.

— Ці неяк адрэагавалі на кандыдацтва ў дэпутаты ва ўніверсітэце?

— Так. Была размова з дэканам. Ён называў мяне клоунам, казаў, што я — ганьба факультэту. Такога ж меркавання прытрымліваліся некаторыя студэнты. Але большасць іх і некаторыя выкладчыкі з гумарам ставіліся да ініцыятывы, разумелі жарты і не лічылі гэта ганьбай.

— Вашае адлічэнне з універа было чаканым?

— Шчыра кажучы, я не верыў, што мяне адлічаць, бо я дастаткова добра вучыўся, паступіў на кафедру тэарэтычнай фізікі. На зімовай сесіі ўзнік канфлікт з выкладчыкам радыёэлектронікі.

Мяне адлічылі з універсітэту за прагулы ўвесну 2015 года. Я сапраўды прапускаў шмат, збольшага — няпрофільныя прадметы. Але навошта мне ўставаць зранку ды ехаць праседжваць парткі, калі я магу першы раз пабачыць выкладчыка на іспыце і здаць на адзнаку, якая будзе вышэй, чым у тых, хто адседзеў усе лекцыі? З майго пункту гледжання, наадварот, трэба выключаць тых, хто ходзіць на лекцыі, а потым на іспыце нічога не ведае.

Таму я б не звязваў маё выключэнне толькі з палітыкай. Гэта сістэма думак і сістэма каштоўнасцей. Там галоўнае — гэта не твае веды, фармальнае наведванне заняткаў. Гэта праблема нашай сістэмы адукацыі.

«Мне патрэбная палітыка, каб адчуваць сябе гаспадаром сваёй зямлі»

— І чым займаецеся пасля адлічэння з універа?

— Шукаю працу ў грамадска-палітычным сектары ці магчымасць працягнуць вучобу, падарожнічаю. За выбарамі вось назіраў. Жыву ў кайф.

— Мала каго з моладзі сёння цікавіць палітыка. Для чаго яна вам?

— Палітыка — інструмент прасоўвання сваіх інтарэсаў. Я хачу жыць у Беларусі і адчуваць сябе тут камфортна, гаспадаром сваёй зямлі. Большая частка моладзі звыклася з безадказнасцю, з тым, што за іх рашэнні прымае нехта іншы. Але адказнасць — гэта неад’емная частка свабоднага грамадства, такога, у якім я хачу жыць.

— Ці вы лічыце, што сваёй актыўнай дзейнасцю можаце нешта змяніць у гэтай краіне?

— Змяняць трэба ўсё: ад эканомікі, сістэмаў адукацыі і аховы здароўя, сацыяльнай ды ідэалагічнай палітык. Але пачынаць трэба са зменаў у галовах людзей, бо дзяржава — гэта адлюстраванне народу.

— Кандыдацтва ў дэпутаты, досвед назіральніка, чым плануеце займацца далей?

— У наступным годзе — выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Сур’ёзную парламенцкую кампанію пакуль не пацягну, але хачу папрацаваць у выбарчым штабе кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Алеся Лагвінца, напрыклад. Таксама мы з камандай маем планы пашырыць незалежнае назіранне, прыцягнуць новых людзей. «Выбары» — гэта апагей існуючай сістэмы, тут ёсць усё: беззаконне, паказуха, страх, падман і самападман. Дастаткова пабачыць гэтае шоў адзін раз, каб зразумець: гэта не мая сістэма, не мая дзяржава.

www.svaboda.org