Вобшук у кватэры ўладальнікаў салігорскага медыя «Лидер-Пресс»

Раніцай 10 чэрвеня быў вобшук у кватэры ўладальнікаў салігорскага медыя «Лидер-Пресс» Уфімцавых, а таксама ў рэдакцыі.

Фота www.lider-press.by

Фота www.lider-press.by

Пасля размовы ў аддзяленні міліцыі двзе асобы падпісалі дакументы аб неразгалошванні — гэта сын і нявестка Уфімцавых, яны ж з'яўляюцца супрацоўнікамі рэдакцыі.

Галоўная рэдактарка Антаніна Уфімцава пацвердзіла гэтую інфармацыю, аднак каментаваць падзеі пакуль адмовілася. У межах якой справы быў вобшук, яна таксама не паведаміла — спаслалася на падпіску аб неразгалошванні, якую далі родныя.

Напрыканцы сакавіка 2021 года рэдакцыя была вымушаная прыпыніць выхад друкаванай версіі выдання на 6 месяцаў па эканамічных прычынах, каб захаваць рэсурсы.

«Гэта быў паспяховы бізнес-праект, які чыталі амаль у кожнай другой сем'і Салігорска — пікавы штотыднёвы тыраж складаў каля 18 тысяч экземпляраў і меў істотны прыбытак... За апошнія тры гады шмат што змянілася... Рэкламная плынь моцна памяншаецца, многія кліенты проста закрываюцца альбо не могуць дазволіць сабе рэкламу з-за цяжкага фінансавага становішча. Продаж газеты таксама жадае лепшага. Аднак мы працягваем актыўна працаваць у інтэрнэце (ва ўсю ідзе праца па абнаўленні сайта)», — паведаміла кіраўніцтва медыя ў сакавіку.

 Паводле baj.by