Вобшукі ў анархістаў у Століне

У Століне як мінімум у трох "анархістаў і прыхільнікаў антыаўтарытарных поглядаў" прайшлі вобшукі. Таксама маладзёнаў выклікалі на прымусовыя размовы.

vobshuk_stolin.jpeg


Гэта адбылося 3 траўня, паведамляе сайт арганізацыі "Анархічны чорны крыж - Беларусь". Міліцыянты наведаліся да адной дзяўчыны і двух хлопцаў. Усім задавалі прыблізна аднолькавыя пытанні: адкуль у горадзе анархісты, хто робіць мерапрыемствы, як на іх трапляюць мінчане, хто клеіць у горадзе ўлёткі анархічнага кшталту.
Адзін з вобшукаў адбыўся ўвогуле без складання нейкіх папер: "Мы не ламбард, каб даваць паперы!" — заявілі міліцыянты і канфіскавалі пры гэтым тры кнігі ("Душа чалавека", "Здаровае грамадства" нямецкага філосафа і сацыёлага Эрыха Фрома, і "Развагі аб гвалце" французскага філосафа Жоржа Сарэля). Афіцыйнай нагодай для вобшукаў стала "падазрэнне" з адносіна да гаспадара кватэры ў расклейванні ўлётак.
Па інфармацыі сйта, актывістам прапаноўвалі паведамляць аб будучых мерапрыемствах контркультурнага кшталту, нават прапанавалі грошы. За неяўку на неафіцыйныя "размовы" пагражалі адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю.
Нагадаем, гэта не першы выпадак рэпрэсій супраць моладзевых актывістаў у Століне. У лютым маладога панка, якога "западозрылі" ў анархізме, міліцыянты выводзілі ў лес і пагражалі пісталетам, таксама прапануючы даносіць на сваіх сябраў за грошы.