Вольга Маёрава: На ўражаннях ад адносін з людзьмі можна напісаць артыкул, прысвечаны прычынам правалу пратэстаў

Актывістка, якая з 4 студзеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ па «справе Аўтуховіча», даслала сыну Сяргею чарговы ліст з-за кратаў.

volga_maerova_1_1.jpg


Вольга Маёрава дзякуе людзям, якія пералічылі грошы на яе рахунак. Праўда, зазначае яна, патраціць іх асабліва няма на што: асартымент вельмі абмежаваны. Таму, калі не здарыцца форс-мажору, сродкаў на люты-сакавік ёй хопіць.
Таксама Вольга піша, што хацела б назапасіць прадуктаў, якія дазваляюць захаваць здароўе і нагадваюць пра волю. «Тут я ўвогуле зразумела, што ў свабоды смак тварагу, аказваецца», — зазначае яна і просіць сына дасылаць ёй паболей яблыкаў і груш.
Зняволеная чытае кнігі: цяпер чаргуе «Дзяцей капітана Гранта» Жуля Верна і «Уленшпігеля» Шарля дэ Кастэра, але апошняга чытаць у турме вельмі цяжка. У суседняй з СІЗА КДБ Цэнтральнай кнігарні па замове можна набываць кнігі, але для гэтага трэба ведаць аб наяўнасці кнігі, а таксама яе код.
Вольга шкадуе, што не займалася англійскай мовай — піша, што зараз з задавальненнем глядзела б відэаўрокі.
З прыемнага Вольга зазначае тое, што з яе ложка бачны кавалак неба.
«Дзень становіцца ўсё даўжэйшым, гэта заўважна нават з акенца майго новага дома. Гэта стварае ўражанне нейкай нерэальнасці таго, што адбываецца. Так што Монтэ-Крыста яўна меў вельмі ўстойлівую псіхіку. 14 гадоў у камеры без магчымасці выйсці, з туалетам у куце на падлозе ў ямцы і амаль поўная немагчымасць убачыць нават неба ацэньваюцца тут зусім па-іншаму, нават пры ўмове адноснага камфорту. Ды і ўвогуле на ўражаннях ад адносін з людзьмі можна напісаць нічога сабе артыкул, прысвечаны стану грамадства і прычынам правалу пратэстаў мінулага года», — піша Вольга Маёрава.
У лісце яна згадвае дзвюхсерыйны фільм тэлеканала АНТ, прысвечаны справе Мікалая Аўтуховіча, дзе ў другой частцы паказваюць і яе саму.
«На жаль, ступень даверу пасля фільма ўпала да кропкі замярзання. Ну, узровень нашай дзяржпрапаганды ты і так ведаеш», — каментуе яна ўбачанае.
Нагадаем, грамадскую актывістку Вольгу Маёраву затрымалі 4 студзеня. Папярэдне па месцы яе жыхарства ў вёсцы Нача Крупскага раёна быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Нядаўна Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. У спіс дадаліся 17 чалавек. 13 з іх — людзі, якіх КДБ лічыць паплечнікамі Мікалая Аўтуховіча, у тым ліку Вольга Маёрава.
Нагадаем, экс-палітвязню Мікалаю Аўтуховічу ўлады прыпісваюць падпал дома міліцыянта і падрыў аўто сілавіка ў Гродзенскай вобласці. Нядаўна на тэлеканале АНТ выйшаў дзвюхсерыйны фільм, у якім заявілі, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты.
Паводле інфармацыі, атрыманай «Новым Часам», Вольга Маёрава падала скаргу на тое, што яе без суда прызначылі «тэрарысткай».