Вольга Севярынец: «Было б цудоўна, каб была магчымасць знайсці няню»
Больш за сем месяцаў палітзняволены Павел Севярынец застаецца за кратамі. А ягоная жонка Воля ўвесь гэты час сама гадуе трохгадовага Францішка, а таксама займаецца ўсімі справамі мужа і іхнай маленькай крамай з хрысціянскімі падарункамі kroplia.by. Цягам наступнага месяца ў Волі заканчваецца дэкрэт. Пра што марыць Воля і ці дапамогуць беларусы здзейсніць ейнае жаданне? Спытаў Белсат.
Кожны дзень распісаны па гадзінах. Найвялікшая радасць для Волі – гэта лісты ад Паўла. Але цяжкія думкі ні на імгненне не адпускаюць.
«Самы цяжкі час – калі накрывае адчуванне, што ён вернецца вельмі няхутка… Што гэта будзе артыкул ад 3 да 8 гадоў. Цяжка было, калі даведаліся, што яго на Акрэсціна трымаюць у карцары і там рэальныя катаванні. Гэта было проста пекла! Цяжка было ведаць, што ён знаходзіўся на Акрэсціна і 9, 10 жніўня таксама – і хутчэй за ўсё ён мог патрапіць пад гэтыя пабоі, катаванні. Не спаць, не есці, нічога немагчыма было. Жудасна проста…»
«Мне вельмі шкада Францішка, што ён расце без таты, і Пашу шкада, што ён марнуе свой час і яго там несправядліва трымаюць, і сябе шкада таксама і таго часу, што мы не разам – шкада… І цяжка адшукаць ва ўсім гэтым сэнс – і тады я плачу, але пасля нават радуюся, бо ад слёз крыху лягчэй…»
Вольга заўсёды разам з сынам. І не мае магчымасці папросту прагуляцца ці памаліцца глыбей. А на стрэсавыя сітуацыі, звязаныя з няясным лёсам мужа, накладаюцца і іншыя стрэсавыя сітуацыі.
Вольга доўга вагаецца, відаць, што ёй няёмка, але ўсё ж насмельваецца прамовіць сваё самае патаемнае жаданне: «Было б цудоўна, каб была магчымасць знайсці і наняць няню – добрага спецыяліста, якая б магла пазаймацца з сынам глыбока, дадаць тое, што я не дадаю праз пастаянную занятасць. А ў мяне было б крыху часу пабыць з сабой, глыбей памаліцца, проста схадзіць у краму, прагуляцца…»
«Сумую па тату, Жыве Беларусь!» – кажа маленькі Францішак.
Шукаем адукаваную няню для сына Паўла і Волі Севярынцаў, якая б магла займацца з ім некалькі разоў на тыдзень. А таксама людзей, ахвочых дапамагчы ва ўтрыманні няні. Воля з удзячнасцю прыме і кансультацыйную дапамогу для развіцця іхнае з Паўлам маленькае крамы сувеніраў з хрысціянскім сэнсам.
Калі вы жадаеце нечым дапамагчы, можна напісаць на мэйл BELARUS2BELARUS@GMAIL.COM.І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.