Вольга Севярынец звярнулася да сілавікоў: «Вы — частка страшнай сістэмы»

Апошнія 18 сутак сустаршыню БХД і аднаго з актыўных арганізатараў «антыінтэграцыйных пратэстаў» Паўла Севярынца трымаюць у карцары ў страшных умовах. Яшчэ на мінулым тыдні Павел атрымаў чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту і вымушаны быў ускрыць сабе вены на знак пратэсту супраць невыносных умоваў утрымання.

85048705_541390493140255_5754588738722201600_n_logo_1.jpg


Жонка палітыка Вольга Севярынец распавядала на мінулым тыдні, што перадачы немагчыма перадаць, бо іх на Акрэсціна перасталі прымаць. Пры гэтым актывісты, якія выйшлі з ізалятара, скардзяцца на невыносныя ўмовы зняволення, здзекі і шантаж. 18 чэрвеня на чарговым судзе над Севярынцам, які праходзіў праз Skype, высветлілася, што на знак пратэсту супраць невыносных умоваў утрымання палітык быў вымушаны ўскрыць сабе вены.

Зварот да сілавікоў, суддзяў і міністэрстваў жонка Паўла — Вольга Севярынец апублікавала ў сваім фэйсбуку:

Я, жонка Паўла Севярынца, якога ўжо 18 сутак ні за што трымаюць у нечалавечых умовах у карцары на Акрэсціна, звяртаюся да супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў.

Я ўсё яшчэ веру, што сярод вас таксама ёсць сумленныя людзі.

Я бачу, як вы апускаеце вочы на незаконных судах, як у вас дрыжаць рукі, калі прыходзіш да вас са скаргай, я бачу на вашых руках заручальныя пярсцёнкі, значыць дома вас таксама чакае сям’я, і я ўпэўнена, што для сваіх жонак і дзяцей вы б хацелі быць прыкладам.

Я хачу сказаць: дзе б вы ні працавалі, спосаб застацца чалавекам ёсць заўсёды. Можна занесці асуджанаму ў карцар бутэльку вады, не выганяць родных з залі суда, не адпраўляць сфабрыкаваную справу на дапрацоўку, адвярнуцца, прамаўчаць, захварэць, звольніцца.

Вы — частка страшнай сістэмы, і ў тым ліку дзякуючы вам, яна спраўна працуе.

Улада робіць беззаконне: саджае невінаватых на суткі, катуе іх па карцарах, раздае несправядлівыя прысуды, хапае людзей на вуліцы, ні за што выпісвае штрафы. І гэтае беззаконне робіцца вашымі рукамі. Скажыце, вам гэта трэба?

Гэта трэба вашым сем’ям? Гэта трэба вашым дзецям?

Нягодны ўчынак нельга апраўдаць загадам.

Ілжэсведчанне, хлусня, збіццё і катаванне беззабаронных – учынкі, нявартыя ні сапраўдных мужчын, ні жанчын.

Вы цудоўна ведаеце, што людзі, якія зараз выходзяць на вуліцы, ні жулікі і ні бандыты, мы адукаваныя сумленныя людзі, у якіх забралі права выбіраць.

І мы не хочам больш баяцца, што за наша меркаванне ў нас забяруць дзяцей, мы не хочам чакаць месяцамі сваіх мужоў з сутак, мы не хочам адусюль цярпець недагаворкі і здзекі. Мы хочам траціць свае сілы на іншае.

Не бойцеся! У вас яшчэ ёсць шанец застацца людзьмі. Проста станьце з намі ў адзін шэраг, будзьце ўпэўненыя — людзі вас не пакінуць.

І не думайце, што ад вас нічога не залежыць, зараз час, калі ад кожнага беларуса залежыць усё”.  

Праваабаронцы ўжо звярнуліся да начальніка ГУУС Мінгарвыканкама па факце жорсткага, бесчалавечнага, прыніжаючага годнасць абыходжання.