Вольга Завадская. Два допыты i 6 гадзін у засценках ФСБ

Падчас допытаў следчыя ФСБ дапытвалі Вольгу Завадскую пра Украіну і рэлігійныя секты. Супрацоўнікі ФСБ ўдавалі, што нічога не ведаюць пра зніклых апанентаў Лукашэнкі і зніклага журналіста Змітра Завадскага.



volha_zavadskaya.jpg

23 жніўня падчас паездкі ў Катынь на мяжы Беларусі з Расіяй была затрыманая Вольга Завадская, маці зніклага ў 2000 годзе аператара ОРТ Змітра Завадскага.
Толькі позна ўвечары жанчыну вызвалілі і адпусцілі ў Беларусь. Вольга Завадская распавяла карэспандэнту Свабоды пра абставіны свайго затрымання, знаходжанне ў турме ФСБ, а таксама пра допыты, якія праводзілі супрацоўнікі ФСБ.
«Ужо 3 гады запар я ежджу ў такія вандроўкі ў Катынь разам з актывістамі. Гэта заўсёды цікава, да таго ж мы адзін аднаго добра ведаем і ёсць магчымасць пагаварыць з аднадумцамі. Само затрыманне быццам не мела палітычных прычын, але падставы праявіць да нас пільнасць ўсё ж былі палітычныя. Мяркуйце самі. Як звычайна праходзім расійскую мяжу? Зойдуць у аўтобус, пералічаць па галовах, зробяць адзнаку кіроўцу і да пабачэння. Гэтым разам я паехала без пашпарта, толькі з копіяй, бо здала пашпарт на візу. На ўсялякі выпадак ўзяла пенсійнае пасведчанне. Разлічвала, што ўсё роўна не правяраюць. І гэтым разам непасрэдна на мяжы ўсё было як звычайна: пералічылі і прапусцілі. Мы ўжо ад’ехалі ад мяжы, як раптам даганяюць, спыняюць і пачынаюць пільную праверку. Прычым было чуваць, як да гэтых супрацоўнікаў, што за намі выправіліся, ідуць званкі, ў іх нейкія напружаныя размовы, яны такія ўстрывожаныя. Карацей, яўна атрымалі наводку на нас. Вось тады і высветлілі, што ў мяне ды ў аднаго хлопца, аказваецца, няма пашпартоў. А актывіста Яўгена Батуру прымусілі зняць майку з надпісам «Стоп-Пуцін». Яшчэ Алеся Макаева выводзілі на праверку. Усяго нас трымалі больш за 2 гадзіны і толькі потым аўтобус прапусцілі, і тое, з суправаджэннем. А мяне з хлопцам высадзілі з аўтобуса і павезлі ў Рудню, гэта горад ад мяжы яшчэ кіламетраў 80. У той Рудні ў іх памежная управа ФСБ. Вось там з намі і разбіраліся».
Карэспандэнт: «Вам тлумачылі, дзеля чаго вас затрымалі?»
«Так. Казалі, для высвятлення асобаў. Прывезлі нас туды недзе каля 5-й гадзіны, а калі выпусцілі, па іх часе было 11. Спачатку размясцілі па розных камерах. Камера гэтай турмы — гэта такое памяшканне плошчай прыкладна 10 квадратных метраў, два двух’ярусныя ложкі, табурэты, стол, тумбачкі. Усё прыкручанае да падлогі. Сцены як ў грамадскай прыбіральні пафарбаваныя маслянай фарбай пэўнага колеру, праўда, без своесаблівых надпісаў. На ложках матрацы без бялізны. Але карыстацца гэтым не давялося, бо неўзабаве павялі на допыт. Усяго было 2 допыты, відаць, такі ў іх метад, каб параўноўваць. Допыты праводзілі розныя супрацоўнікі. Пыталіся, чаго ехала, з кім, пра стаўленне да пэўных падзей пыталіся, ў тым ліку пра Украіну: як я мяркую, хто вінаваты ў канфлікце. Шмат было пытанняў, ў тым ліку пра вядомых асоб».
Карэспандэнт: «Ці ведалі яны вашу гісторыю, пра тое, што ў вас знік сын Дзмітрый?»
«Не ведалі, ці рабілі выгляд, што не ведаюць, але даволі шчыра. Таксама нічога не ведалі пра Захаранку, Ганчара і Красоўскага. Давялося ўсё ім распавесці. Пра расійскія падзеі я ім шмат давала каментароў, дык яны сказалі, што, відаць, шмат гляджу тэлевізар. На гэта адказала, што гляджу розныя каналы, каб параўноўваць і не толькі з тэлевізара чэрпаю інфармацыю. Яшчэ пыталіся, ці не сябра рэлігійнай секты ды заўважалі, што ўсе секты да іх прыйшлі з Амерыкі. Часам ад іх гучалі цікавыя каментары, вельмі паказальныя. Нібыта маладыя яшчэ людзі, але...»
Карэспандэнт: «Ці давалі вам паесці? Як ўвогуле абыходзіліся?»
«Сказала б, што карэктна. Есці не давалі, толькі прапанавалі гарбаты і дазволілі паесці свае бутэрброды, якія я брала ў дарогу. Хацелі ўжо пакінуць у той камеры на ноч, але я патрабавала, каб адпусцілі як мага хутчэй. Добра, што наш аўтобус адмыслова нас чакаў на мяжы. Дарэчы, гэтым разам іх увесь час суправаджалі па тэрыторыі Расіі, ў тым ліку і з Катыні. У выніку нас з хлопцам правезлі з Рудні на мяжу недзе каля 11.30 па іх часе і адпусцілі. Вярнуліся мы на нашым аўтобусе разам з усімі».
У канцы размовы Вольга Завадская паведаміла, што справа аб знікненні яе сына дагэтуль расследуецца, але, як яна мяркуе, рэальна па ёй нічога не робіцца.
«Праз год будзе 15 год як знік Дзіма і тады следчыя змогуць закрыць справу з прычыны даўніны часу. А пакуль фармальна мусяць яго нібыта шукаць», — сказала Вольга Завадская.
svaboda.org