Восенню машына ДАІ з маячкамі збіла двух чалавек. Вінаватымі ў ДТЗ прызналі пешаходаў
Восенню мінулага года ў Мінску машына ДАІ з уключанымі мігалкамі, якая суправаджала спецтэхніку сілавікоў, збіла пешаходаў. Яны пераходзілі дарогу па зебры на зялёнае святло, міліцэйскі аўтамабіль не заўважылі. Як высветлілася, нядаўна пешаходаў прызналі вінаватымі ў ДТЗ і пакаралі.
ДТЗ адбылося 22 лістапада 2020 года: каля 16.10 на
праспекце Жукава: машына ДАІ з уключанымі мігалкамі і сірэнай, якая суправаджала
аўтазакі, збіла на «зебры» мужчыну і жанчыну — яны пераходзілі дарогу на зялёны
сігнал святлафора. Пешаход-мужчына не пацярпеў, а жанчыну даставілі ў бальніцу,
дзе аказалі меддапамогу і адпусцілі дадому, нагадвае TUT.BY.
Пасля здарэння прайшло тры месяцы, нядаўна ДАІ вынесла
рашэнне па справе: вінаватыя ў ДТЗ збітыя мужчына і жанчына. Пешаходы і
відавочцы распавялі сваю версію падзей.
У тую нядзелю ў Мінску праходзілі дэцэнтралізаваныя акцыі
пратэсту і сілавікі ездзілі па сталіцы. На праспекце Жукава, у раёне ГЦ
«Outleto», пратэстоўцаў не было, спецтэхніка проста праязджала гэты раён. На
тратуары каля рэгуляванага пешаходнага перахода сабраліся людзі: чакалі зялёнага святла, каб перайсці праезную частку.
Першым пачаў пераходзіць дарогу малады хлопец, за ім —
жанчына і мужчына.
— Я была з сястрой і яе знаёмым. Зялёнае святло загарэлася,
я ступіла на дарогу і пайшла, а мае засталіся на тратуары: аказваецца,
удалечыні яны заўважылі машыну з мігалкамі. Я тую машыну не бачыла — як ішла на
зялёны, так і пайшла, галавой па баках не круціла. Было вельмі холадна, я ў
капюшоне, і было адно жаданне — хутчэй перайсці дарогу, — успамінае мінчанка
Алена.
Услед за ёй на дарогу выйшаў Сяргей. Праўда, ён перад
пераходам паглядзеў па баках: злева ўдалечыні ён бачыў машыну з уключанай «люстрай», але гуку сірэны не было.
— Аўтамабіль з мігалкай быў на прыстойнай адлегласці, таму
падумаў, што калі я пачну пераходзіць чатырохпалосную дарогу, то мы з той
машынай ніяк не перасячэмся, — распавёў Сяргей. — Калі я ўжо быў на
другой-трэцяй паласе, то пачуў «кракатанне» машыны ДАІ і паскорыўся, каб
хутчэй дабегчы да астраўка пасярэдзіне праезнай часткі.
Калі аўтамабіль з мігалкамі пад'ехаў бліжэй, пешаходы
паскорыліся. Хлопец, які першым выйшаў на дарогу, паспеў пакінуць праезную
частку, а вось Алена і Сяргей — не.
Пасля наезду Сяргей падняўся сам, траўм у яго не было. У
Алены ж балела нага, ўстаць ёй дапамаглі людзі і кіроўцы, якія выскачылі з
іншых машын. Сярод іх быў аўтамабіліст Дзяніс.
— Сустрэчная паласа была пустая, там ехала толькі машына ДАІ
з мігалкамі, але без сірэны, а за ёй — аўтазак. Думаю, аўтамабіль суправаджэння
папросту мог размінуцца з пешаходамі — ён ехаў па трэцяй паласе, але,
пад'язджаючы да людзей, рэзка вільнуў у іх бок.
Таксама, паводле слоў Дзяніса, пасля наезду машына спынілася
недзе праз 100 метраў. Побач з ёй затармазіў аўтазак. Вадзіцелі гэтых машын
перагаварылі аб чымсьці і паехалі далей.
Адзначым, што ў той дзень у сваім каментары ДАІ
падкрэслівала, што экіпаж заставаўся на месцы ДТЗ да заканчэння неабходных
мерапрыемстваў.
— На шчасце, у нашай паласе была свабодная хуткая. З яе
выскачылі медыкі і кінуліся да Алены: забралі яе і павезлі ў бальніцу.
Пра ДТЗ Дзяніс паведаміў у «102», дачакаўся прыезду
міліцыі і распавёў супрацоўнікам пра ўсё, што бачыў. Мужчына адзначыў, што замераў,
якія звычайна робяць пасля ДТЗ інспектара ДАІ, у той раз не рабілі,
толькі склалі схему.
У шпіталі ў Алены дыягнаставалі моцны удар нагі, яна правяла
на бальнічным два тыдні. Але больш яе хвалявала іншае: незадоўга да ДТЗ ёй
зрабілі аперацыю на нагах з-за варыкознага пашырэння вен. Жанчына хвалявалася,
ці могуць быць нейкія наступствы праз траўму пасля аварыі ў яе выпадку.
Па факце ДТЗ ДАІ праводзіла праверку, у выніку Алене і Сяргею абвясцілі, што яны парушылі пункт 20 ПДР, за гэта прадугледжана адказнасць паводле ч.1, арт. 18.23 КаАП Беларусі (папярэджанне або штраф да 1-3 БВ).
Параграф 4 пункт 20 ПДР Беларусі:
«Пры набліжэнні транспартнага сродку з уключанымі маячкамі
сіняга або сіняга і чырвонага колераў пешаходу забараняецца пераходзіць
(перасякаць) праезную частку дарогі, а пешаход, які знаходзіцца на праезнай
частцы дарогі, павінен пакінуць яе, выконваючы меры засцярогі».
Сяргей з парушэннем пагадзіўся, а вось Алена вінаватай сябе
не лічыць: на яе думку, праверку ў аддзеле дазнання правялі неналежным чынам.
— Я некалькі разоў хадайнічала аб тым, каб мне паказалі
відэазапіс наезду з рэгістратара, які быў у машыне ДАІ. Аднак мне ў гэтым
адмовілі. Сведак ДТЗ таксама не выклікалі для дачы тлумачэнняў.
Святлана падавала скаргі і прасіла разабрацца ў справе
пракуратуру, УУБ МУС Беларусі, але адтуль паведамлялі: праверка праведзеная правільна.
У выніку ДАІ вынесла пастановы ў дачыненні да пешаходаў:
Сяргею далі штраф у адну БВ (29 рублёў), Святлане — папярэджанне.