Вучні мінскай 23-й гімназіі знайшлі сябе ў падробленым спісе сяброў БРСМ

У мінскай гімназіі № 23 здарыўся скандал. Вучні знайшлі ведамасць сплаты складак сяброў БРСМ. Насупраць прозвішчаў больш як 30 чалавек, якія не ўступалі ў гэтую арганізацыю, стаяць падробленыя подпісы, перадае «Радыё Свабода».

23-я гімназія. Архіўнае фота

23-я гімназія. Архіўнае фота

Сярод 23 вучняў 11-га класа толькі трое былі сябрамі БРСМ. У дакуменце — амаль усе


22 траўня педагог-арганізатар Святлана Молакава папрасіла адну з вучаніц занесці ў БРСМ Савецкага раёна складкі сяброў арганізацыі. Такія ведамасці разам з грашыма падаюцца раз на паўгода. У дакуменце былі прозвішчы больш як 30 чалавек. Але вучні 11-га класа, якія былі ў тым спісе, насамрэч не ўступалі ў БРСМ. Больш за тое, подпісы ў дакуменце выявіліся падробленымі.
У ведамасці было прозвішча выпускніцы Анастасіі Быкоўскай. Як дзяўчына распавяла Свабодзе, на фатаздымку ведамасці амаль увесь 11-ты клас. Але насамрэч сярод 23 вучняў у сябрах БРСМ былі толькі тры чалавекі.
Паводле яе, 23 траўня дырэктарка і завуч школы папрасілі прабачэння ў вучняў. Яны сказалі, што ў гэтай сітуацыі вінаватая Святлана Молакава, педагог-арганізатар, якая і папрасіла вучаніцу аднесці ведамасць.

Дырэктарка гімназіі: хтосьці дрэнна пажартаваў


«Усе мы былі вельмі абураныя, — скзазала Анастасія. — Магчыма, нас маглі запісаць у БРСМ і раней».
У каментары Свабодзе дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч сказала, што ў гімназіі «адбылася сітуацыя, якой не павінна было быць». Яна падкрэсліла, што паводле закону ўступленне ў БРСМ магчымае толькі са згоды бацькоў.
«Адміністрацыя пра гэта не ведала. Пра тыя спісы я даведалася ад класных кіраўнікоў і ад бацькоў, якія пачалі тэлефанаваць», — сказала Ірына Пасюкевіч.
Дырэктарка паведаміла, што будзе праводзіцца расследаванне. На момант размовы (24 траўня. — РС) яна не ведала, хто і калі мог падрабіць ведамасць. Гэтую сітуацыю яна назвала дрэнным жартам.
«Паверце мне, калі б педагог-арганізатар сама нешта падрабіла, яна не давала б гэтага дзецям, каб яны гэта бачылі. Як такое магчыма? Я думаю, хтосьці з маіх педагогаў не зусім добра пажартаваў», — сказала Ірына Пасюкевіч.
У той жа час вучням абвесцілі, што менавіта Святлану Молакаву звольнілі за парушэнне працоўнага заканадаўства. Атрымаць каментар у самой Молакавай пакуль не ўдалося.

БРСМ Савецкага раёна: мы не прынялі ведамасць, бо яна несапраўдная

Ірына Пасюкевіч таксама дадала, што ў БРСМ Савецкага раёна ведамасць не прынялі, бо «спісы не адпавядаюць рэальнасці».
«Там фактычна ёсць прозьвішчы дзяцей, якія ў нас не вучацца. Запоўненая ведамасць абы-як», — сказала дырэктарка.
Гэта пацвердзілі ў раённым БРСМ. Як паведамілі Свабодзе праз тэлефон, ведамасць з гімназіі не супала са спісамі сяброў БРСМ, якія былі раней у раённай арганізацыі БРСМ.
«Ведамасць мы не прынялі ў іх, мы ім вярнулі, — сказалі ў адміністрацыі БРСМ. — У гімназіі цяпер разбіраюцца, відаць. Складкі ў нас не прайшлі».
Аднак са словаў вучаніцы, якая адносіла ведамасць, у Савецкім БРСМ не было пытанняў да дакументу. І ведамасць у яе прынялі. Толькі праз дзень пасля таго, як яна аднесла ведамасць, намесніца дырэктаркі паведаміла вучням, што дакумент забяруць назад.

Бацькі: такі спіс мог з'явіцца не ў першы раз

Бацькі выпускнікоў падалі ў адміністрацыю гімназіі пісьмовы зварот з нагоды выяўленай падробленай ведамасці БРСМ. У ім гаворыцца, што бацькі не давалі згоды на ўдзел сваіх дзяцей у ГА «БРСМ» і што яны выступаюць супраць палітызацыі навучальнай установы.
Паводле Вольгі Быкоўскай, маці выпускніцы, 23-я гімназія доўга лічылася месцам, дзе не было праблемаў накшталт прымусовага запісу вучняў у піянеры ці БРСМ.
Яна лічыць, што падобныя спісы з падробленымі подпісамі сяброў маглі з'яўляцца і раней. Бо апублікаваная ведамасць сведчыць, што гэта чарговыя складкі, а не заявы на ўступленне.
«Адбыўся збой матрыцы, — сказала Свабодзе Вольга Быкоўская, маці выпускніцы. — Практыка складання падобных спісаў магла існаваць у школе доўгі час. Проста цяпер такі спіс стаў вядомы грамадскасці».
Да канца чэрвеня адміністрацыя гімназіі мусіць даць адказ бацькам. Яны спадзяюцца, што абнародаванне гэтага здарэння мусіць гарантаваць, што падобных рэчаў больш не будзе.
«Вінаватая перадусім сістэма, дзе педагог-арганізатар чамусьці вымушаны здаваць ведамасці пра грамадскую арганізацыю БРСМ, а школа, хутчэй за ўсё, павінна выконваць нейкія планы сяброўства ў ёй», — сказала Вольга Быкоўская. 
svaboda.org