
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Нагадаем, жорсткае забойства ўчынена 29 жніўня 2013 года. Знявечаны труп дзяўчыны раніцай знайшоў вартаўнік каля Дома творчасці моладзі ў цэнтры Рэчыцы. Смерць была гвалтоўнай, на целе забітай
выяўленыя шматлікія раны, у тым ліку сляды ад удараў. У той жа дзень быў затрыманы падазраваны — раней неаднаразова судзімы мясцовы жыхар, які быў знаёмы з дзяўчынай.
Следства высветліла, што на момант забойства абвінавачваны быў п'яны і ўжываў псіхатропныя рэчывы. Малады чалавек накінуўся на дзяўчыну, каб згвалтаваць. Ад жорсткага збівання і шматлікіх
цяжкіх траўм дзяўчына памерла. Пасля забойства злачынца забраў каштоўныя рэчы ахвяры.
Як паведаміў журналістам дзяржабвінаваўца — начальнік аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Андрэй Лагуновіч, абвінавачваны раней быў тройчы судзімы, з пятага класа трапляў у поле зроку
міліцыі. З 15 гадоў адбываў турэмнае пакаранне за розныя злачынствы — крадзяжы, рабаванні, хуліганствы. Апошні раз выйшаў з турмы ў лютым 2013 года і ўжо ў сакавіку ўчыніў чарговае
злачынства — злоснае хуліганства.
У жніўні 2013 года, за некалькі дзён да забойства, ён нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні чалавеку і ўчыніў рабаванне (разам з сябрам напаў на прыпынку грамадскага транспарту на прахожых і абрабаваў
іх).
У апошнім слове абвінавачваны поўнасцю прызнаў віну, заявіў, што раскайваецца, а таксама папрасіў прабачэння ў маці забітай дзяўчыны і сваёй маці. На судзе ён адмовіўся даць паказанні ў частцы таго,
што датычылася непасрэдна забойства.
Маці забітай дзяўчыны заявіла, што задаволеная прыгаворам. Ад зносін з прэсай яна адмовілася.
Міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы шмат разоў заклікалі беларускія ўлады адмовіцца ад практыкі прымянення смяротнай кары.