WSJ: Дзевяць расійскіх кантрактнікаў загінулі ў Сірыі падчас абстрэлу
Дзевяць кантрактнікаў загінулі падчас артылерыйскага абстрэлу іх базы ў Заходняй Сірыі, хоць афіцыйныя ўлады Расіі не прызнаюць іх гібель, сцвярджае выданне The Wall Street Journal.
![syria1.jpg syria1.jpg](/img/v1/news/full/syria1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Артыкул маскоўскага карэспандэнта WSJ Томаса Грува, які спасылаецца на ўласныя крыніцы, апублікаваны на сайце выдання.
WSJ сцвярджае, што інцыдэнт адбыўся яшчэ ў кастрычніку. Загінулыя афіцыйна не служаць у расійскай арміі. У Сірыі яны выконвалі функцыі аховы пэўных дзяржаўных аб'ектаў.
Пад абстрэл патрапіла так званая «група Вагнера», названая па псеўданіме іх кіраўніка, былога вайскоўца, які ўдзельнічаў у шэрагу узброеных канфліктаў пасля распаду СССР.
Выданне сцвярджае, што група называлася OSM, але не прыводзіць расшыфроўку гэтай абрэвіятуры.
Сцвярджаецца што гэта гіганцкая арганізацыя. Як сцвярджае адна з крыніц, у ёй працуе каля тысячы чалавек. Арганізацыя, паводле звестак журналіста, мае штаб-кватэру ў Краснадары. Выданне
прыводзіць ацэнку расійскага вайсковага эксперта Івана Канавалава, які сцвярджае, што «група Вагнера» з'яўляецца самай паспяховай спробай Расеі стварыць недзяржаўную
арганізацыю з ваеннымі задачамі, аналаг амерыканскай Blackwater.
The Wall Street Journal мяркуе, што «група Вагнера» была задзейнічана таксама ў гібрыднай вайне РФ на Усходзе Украіны.
Выданне не атрымала адказу Мінабароны РФ на запыт гэтай інфармацыі.
Паводле "Нашай Нівы"