З мінскага аэрапорта хочуць зрабіць транзітны авіяхаб
Мінтранс правёў нараду па развіцці інфраструктуры аэрапорта.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
На плошчы перад Нацыянальным аэрапортам «Мінск» пабудуюць гасцініцу, дадатковыя тэрміналы і некалькі іншых аб’ектаў. Канцэпцыю развіцця інфраструктуры аэрапорта абмяркоўвалі на нарадзе з міністрам транспарту і камунікацый Аляксеем Аўраменкам і дырэктарам Дэпартамента па авіяцыі Арцёмам Сікорскім, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».
У канцэпцыю таксама ўключаная пабудова чыгуначнай веткі з Мінска ў аэрапорт. Паводле слоў міністра транспарту, асноўная задача канцэпцыі — стварыць канкурэнтаздольны транзітны авіяхаб. Міністр даручыў кіраўніцтву аэрапорта прапрацаваць падрабязны план паэтапнай рэалізацыі канцэпцыі з указаннем тэрмінаў яго выканання.
Нагадаем, што пасля пасадкі самалёта «Ryanair» у Беларусь і над Беларуссю не лятаюць заходнія авіякампаніі, а «Белавія» знаходзіцца пад санкцыямі.