З-за ціску дзяржавы фестываль квір-культуры «Дотык» пройдзе ў закрытым фармаце

Фестываль квір-культуры «Dotyk» меў урачыста адкрыцца ў пятніцу 6 красавіка ў прасторы «Сталоўка XYZ». Адкрыццё было адмененае праз апячатванне памяшкання, якое належыць заводу, дзяржаўнымі органамі.

image_1_3.jpg


Музычная вечарына, якая планавалася на вечар суботы, была спачатку перанесеная ў прастору Squat, а потым цалкам адмененая праз ціск на арганізатараў.
Перашкоды, якія чыняцца фэстывалю дзяржавай, могуць быць звязаныя з тым, што фестываль праводзіцца ў праваслаўны Вялікдзень 6-8 красавіка. У газеце «Вячэрні Магілёў» апублікаваны артыкул, дзе пазначаецца, што «праваслаўныя хрысціяне Магілёву накіравалі ў розныя дзяржаўныя ведамствы, міністэрствы, архіерэям Беларускай праваслаўнай царквы» ліст, дзе запатрабавалі «не дапусціць усімі даступнымі сродкамі» правядзенне запланаванага фестывалю і «увайсці з заканадаўчай ініцыятывай праз Парламент Рэспублікі Беларусь пра забарону ўсялякай прапаганды палавых вычварэнцтваў у мэтах абароны сям’і і маральнасці і дэмаграфічнай бяспекі краіны».
Арганізатары былі вымушаныя перавесці ўсе запланаваныя мерапрыемствы ў закрыты фармат і ўвесці папярэднюю рэгістрацыю па спасылцы: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSc9q-VDJTBcIKj4yKAvBY_2qBhbWwmJuU5yUnep1hoTsfxCvg/viewform.
У межах фэстывалю запланаваныя канферэнцыя «Квір-гісторыя ў СССР і на постсавецкай прасторы», публічныя лекцыі, воркшоп, прэзентацыя часопісу і канцэрт.
Квір — тэрмін, які выкарыстоўваецца каб пазначыць любую ідэнтычнасць, адрозную ад «нармальнай», традыцыйнай. У вузкім сэнсе тэрмін супраціпастаўляецца гетэранарматыўнасці: прызнанню выключна гетэрасэксуальных мужчынаў і жанчынаў.

Паводле прэс-рэлізу грамадскага руху «Дзея»