З пасланнем ад Хілары Клінтан

Падзеі 19 снежня і пасля іх не адпавядаюць тым абавязальніцтвам, якія брала на сябе Беларусь. Гэтыя падзеі абурылі цывілізаваны сусвет і патрабуюць адказу.



thomas_melia_833x400.jpg

Томас Меліа

Так ахарактарызаваў на сваёй прэсавай канферэнцыі 24 сакавіка стаўленне да сітуацыі ў Беларусі з боку Амерыкі намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа.


Мэта яго візіту, з якім ён прыехаў па даручэнні дзяржсакратара Хілары Клінтан, — перадаць беларускаму ўраду пасланне, сэнс якога вельмі просты: «Мы працягнулі руку дружбы і прапанавалі пашырыць наша двухбаковае супрацоўніцтва. І, як мы казалі ўжо шмат разоў, пашырэнне нашых дачыненняў залежыць ад сітуацыі з правамі чалавека і ад паляпшэння дэмакратычных і палітычных працэсаў у Беларусі».


Другая мэта яго візіту — сустрэцца з сем’ямі арыштаваных, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычных арганізацый, пачуць незалежныя меркаванні.


Умовы ўтрымання арыштаваных, іх ізаляцыя ад стасункаў з адвакатамі і з роднымі, падкрэсліў Томас Меліа, выклікаюць абурэнне.


Брусэль і Вашынгтон, паведаміў прадстаўнік Хілары Клінтан, праводзяць пастаянныя кансультацыі наконт магчымай рэакцыі, да санкцый уключна, адносна беларускага рэжыму. Менавіта адносна рэжыму — чыноўнікаў, якія датычныя да рэпрэсій, да парушэнняў правоў чалавека, а таксама да дзяржаўных прадпрыемстваў.


Пазіцыя ЗША даведзена да беларускіх уладаў, у тым ліку і падчас яго сустрэчы ў беларускім МЗС на ўзроўні аддзелаў. Міністр і намеснікі міністра, сказаў Томас Меліа, з ім не сустрэліся, магчыма, па прычыне сваёй занятасці.


Такім чынам, выбар зараз выключна ў руках беларускага ўрада. І адзіны спосаб пазбегнуць кропкавых санкцый — змяніць свае паводзіны. Найперш і тэрмінова, адзначыў ён, «вызваліць усіх, хто знаходзіцца ў турмах пасля падзеяў 19 снежня. Зняць усе абвінавачванні з іх і з тых, хто не знаходзіцца ў зняволенні».


На пытанне пра верагоднасць паступовага, па прыступках, узмацнення санкцый, Томас Меліа адказаў, што праблема санкцый — якія, калі і як — менавіта зараз і абмяркоўваецца. Гэтыя некалькі дзён і ёсць у Лукашэнкі. Стратэгію ж Лукашэнкі, заўважыў ён, адказваючы на другое пытанне — аб палітыцы лавіравання Лукашэнкі паміж Захадам і Усходам, — іншы раз цяжка зразумець. Лавіруе, будуе масты, сёння іншае, чым было ўчора. «Мы працягнулі руку. Думаем, для Беларусі карысна мець з ЗША добрыя адносіны».