За адно слова — 2 года хатняй хіміі, 1000 рублёў кампенсацыі і канфіскацыя тэлефона як сродка здзяйснення злачынства

У судзе Першамайскага раёна Мінска 1 кастрычніка вынеслі прысуд Дзмітрыю Сманцэру, якога вінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Дзмітрый прызнаў віну цалкам і адмовіўся да дачы паказанняў.

photo_2021_10_01_13_40_23.jpg

Згодна з абвінавачваннем, 30 красавіка 2021 года Дзмітрый Сманцэр пакінуў абразлівы каментар у тэлеграм-канале «Лухта» пад публікацыяй пра супрацоўніка міліцыі з Івацэвічаў Руслана Куцко наступнага зместу: «Куцко — <абразлівае слова>».

Нагадаем, Руслан Куцко быў прызнаны пацярпелым па крымінальнай справе супраць Вольгі Кронда, якая пакінула пад фотаздымкам міліцыянта эмодзі ў выглядзе «гаўняшкі». У публікацыі, якую пракаментаваў абвінавачаны Дзмітрый Сманцэр, змяшчаліся фотаздымак Куцко і спасылка на гісторыю Вольгі, а сам каментар Дзмітрыя паўтараў выказанае Вольгай меркаванне — толькі ў выглядзе слова. Агулам пад пастом пра Руслана Куцко было размешчана больш за 400 каментароў.

Дзмітрый Сманцэр прызнаў віну цалкам і адмовіўся да дачы паказанняў.

Пракурор Мацвей Худаешка прасіў суд прызнаць Дзмітрыя Сманцэра вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на два гады.

Суддзя Максім Трусевіч пагадзіўся з меркаваннем пракурора і прызначыў Сманцэру 2 года «хатняй хіміі», абавязаў яго сплаціць кампенсацыю нанесенай маральнай шкоды пацярпеламу ў памеры 1000 рублёў, а мабільны тэлефон Дзмітрыя канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.