За паўгода ў Беларусі зарэгістравана амаль 2 млн адміністрацыйных парушэнняў

За першае паўгоддзе 2018-га міліцыя ў Беларусі зарэгістравала 1 932,3 тысячы адміністрацыйных правапарушэнняў, піша «Еўрарадыё».

Фота: sb.by

Фота: sb.by


За першае паўгоддзе 2018-га міліцыя ў Беларусі зарэгістравала 1 932,3 тысячы адміністрацыйных правапарушэнняў. Пра гэта паведамляецца ў статыстыцы, абнародаванай на сайце МУС.
Колькасць правапарушэнняў у параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года павялічылася на 6,4%.
У параўнанні з 2017 годам вырасла колькасць амаль усіх відаў правапарушэнняў. За перавышэнне хуткасці руху сёлета вынесена 867,7 тысяч пастановаў (у першым паўгоддзі 2017-га — 770,2 тысячы), за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы — 152,9 тысячы (139,3 тысячы), за наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання — 21,9 тысячы (18,7 тыс.). Знізілася толькі колькасць выпадкаў дробнага хуліганства — 31,3 тысячы супраць леташніх 46,2 тысячы.
Сума штрафаў за адміністрацыйныя правапарушэнні за першае паўгоддзе сёлета склала склала 65,5 мільёна рублёў. Летась за першае паўгоддзе яна была 62,1 мільёна рублёў.