За пікет на 16 паверсе ў сваёй кватэры мінчука арыштавалі на 10 сутак
У Фрунзенскім судзе Мінска сёння прайшло пасяджэнне па справе Сяргея Мураўскага. Бацька траіх непаўналетніх дзяцей прыйшоў у суд па позве. Пратакол па арт. 23.34 КаАП быў складзены за «пікетаванне з мэтай выказвання сваіх палітычных поглядаў» за сцяг на акне.

Ілюстрацыйнае фота
Сам Сяргей на судзе віну не прызнаў, бо лічыць, што 16 паверх — «не самае ўдалае месца для пікетавання». Больш за тое, паводле яго слоў, вокны выходзяць на поле, дарогу і цяпліцы. Само палатно бела-ружова-белае і выкарыстоўваецца ў якасці шторы, таму што гэта сонечны бок.
Суддзя Юлія Блізнюк вырашыла, што гэты сцяг — незарэгістраваная сімволіка, а Сяргей Мураўскі з дапамогай яе пікетаваў. У выніку мінчука асудзілі па арт. 23.34 КаАП на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.