За суткі мінскія даішнікі дапамаглі 60 кіроўцам
У складаных умовах надвор’я супрацоўнікі ДАІ дапамагаюць кіроўцам.
![Ілюстрацыйнае фота tut.by Ілюстрацыйнае фота tut.by](/img/v1/userfiles/images/img_9408_gomel_gai_akciya_v_moroznuyu_pogodu.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота tut.by
За мінулыя суткі дапамогу аказалі 60 кіроўцам у Мінску, паведамляе сайт Упраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкаму. З 5 студзеня праца ведамства арганізаваная так, каб дапамагаць уладальнікам аўтаў, якія трапілі ў складаную сітуацыю.
«У горадзе выстаўленыя дадатковыя экіпажы ДПС, якія нясуць службу па наглядзе за дарожным рухам, забяспечваюць праезд грамадскага транспарту да прыпынкаў, перашкаджаюць узнікненню затораў і аварыйных сітуацый, суправаджаюць калоны снегаўборачнай тэхнікі», — адзначаецца на сайце ДАІ.
Напрыклад, супрацоўнікі ДАІ дапамаглі кіроўцу зняць прабітае кола і адвезлі яго на шынамантаж, а таксама завезлі дадому дзяцей мінчука, аўта якога «замерзла» і не заводзілася.
У складаных умовах надвор’я ДАІ рэкамендуе паклапаціцца аб спраўнасці сваіх аўтаў, ня выконваць рэзкіх манеўраў на дарозе, не перавышаць хуткасць і захоўваць дыстанцыю, прышпільвацца, быць пільнымі побач з пешаходнымі пераходамі.
Паводле belsat.eu