За запаленую свечку пад суд. Лібералізацыя?

Суд Маскоўскага раёна Мінска ў 16 лістапада пачне разгляд адміністрацыйнай справы Марыны Адамовіч, жонкі былога палітвязня Міколы Статкевіча. Яе вінавацяць у «дэманстрацыі запаленай свечкі».

kdb5_logo_1.jpg


Марыну Адамовіч збіраюцца судзіць за ўдзеле ў масавым мерапрыемстве паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП. Яе абвінавачваюць з удакладненнем — у “дэманстрацыі запаленай свечкі”.
"Прынеслі павестку ў суд. Не проста так сабе павестку, а павестку "з заказным паведамленнем". Ніякіх табе СМС-ак, паперак у паштовую скрыню — толькі пад роспіс і "пад заказ". Карацей, судзіць мяне будуць 16-га за "публічную дэманстрацыю запаленай свечкі". Вось думаю — пашкадаваць? Ці самі напалі, самі няхай адбіваюцца?"  — напісала ў сваім фэйсбуку Марына Адамовіч.
У пратаколе правапарушэння, складзеным на Адамовіч, супрацоўнік міліцыі Уладзімір Мацюшка непасрэдна так і пазначыў:
“29 кастрычніка 2016 года Адамовіч М. каля будынку КДБ у Мінску прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — пікетаванні, без дазволу Мінгарвыканкама, якое выразілася ў публічнай дэманстрацыі запаленай свечкі, чым парушыла парадак правядзення масавых мерапрыемстваў”.

kdb10_logo_1.jpg


Нагадаем, увечары 29 кастрычніка ў Мінску каля будынку КДБ на праспекце Незалежнасці адбылася акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Акцыю арганізавала грамадскае аб'яднанне «Малады фронт». Актывісты паставілі на прыступках ля галоўнага ўваходу ў будынак КДБ каля двух дзесяткаў лампад з запаленымі свечкамі і трымалі ў руках партрэты рэпрэсаваных. У акцыі ўдзельнічалі таксама Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч. Супрацоўнікі міліцыі склалі на ўдзельнікаў жалобнай акцыі больш за дзесятак пратаколаў.
Паводле spring96.org