За нашы грошы

«Падтрымліваць расійскі аўтапрам за грошы беларусаў — цынічна», — лічыць лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

«Падтрымліваць расійскі аўтапрам за грошы беларусаў — цынічна», — лічыць лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
«Улада кажа, што трэба паставіць заслон старым машынам, каб Беларусь не стала звалкай старых аўтамабіляў. Але чамусьці ў нас ніхто добраахвотна не адмаўляецца ад еўрапейскага «хламу», на карысць новай прадукцыі АўтаВАЗу. Мыты вельмі завышаныя і на новыя аўтамабілі. У некаторых выпадках мыта падвысіцца амаль у 10 разоў. Гэта выкрывае сапраўдную мэту новай мытнай палітыкі — абарону расійскіх вытворцаў легкавых аўтамабіляў. Згода беларускіх уладаў на новыя мыты дэманструе цынічнае стаўленне да інтарэсаў сваіх грамадзян», — падкрэслівае Аляксандр Мілінкевіч.
На думку лідэра Руху «За Свабоду», аўтамабіль, які даўно ператварыўся з раскошы ў штодзённую неабходнасць, стане менш даступным. Беларусам прапануюць купляць менш якасныя, не сучасныя і дастаткова дарагія расійскія машыны. Беларуская прамысловасць не атрымае ад гэтага ніякіх выгод.
«Калі б у Беларусі былі нармальныя і паслядоўныя адносіны з краінамі Еўрасаюза, дык у нашай краіне даўно была распачата зборка папулярных мадэляў аўтамабіляў, а мыта на новыя еўрапейскія аўтамабілі была б вельмі нізкай», — падсумоўвае Аляксандр Мілінкевіч.
Прэс-служба Руху «За Свабоду»