Забудоўнік «Бульбаш-хола» плануе стварыць мемарыял «Курапаты»

Цяпер праект разглядаецца ў Міністэрстве культуры.

На зварот «Нашай Нівы» ў Мінскі райвыканкам з нагоды будаўніцтва «Бульбаш-хола» побач з месцам пахавання ахвяраў масавых рэпрэсій прыйшоў нечаканы адказ.
 



31c38d134a0d62c74b9d034702891bc6_w465_h310_q75.jpg

СТАА «БелРэстІнвест», якое выступае заказчыкам будаўніцтва, «распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па стварэнні мемарыяла «Курапаты». Дадзеныя мерапрыемствы накіраваны для зацвярджэння ў Міністэрства культуры».
Праўда, у лісце не расшыфроўваецца, што мае ўваходзіць у гэты комплекс мерапрыемстваў. Уласна, мемарыял — гэта Гара Крыжоў, і ён ужо ёсць. Плітачна-асфальтавае добраўпарадкаванне мемарыялу толькі нашкодзіла б. Гісторыкі не раз выступалі з ідэяй стварэння побач музея ахвяраў савецкага панавання, але гэта вялікая задача, якая патрабуе адпаведнага палітычнага рашэння дзяржаўных уладаў.
«Наша Ніва» разаслала іншыя запыты ў пытанні «Бульбаш-хола» і будзе знаёміць чытачоў з адказамі на іх.
Згодна з Мінскім райвыканкамам, будаўніцтва «аб’екта прыдарожнага сэрвісу» здзяйсняецца ў межах інвестыцыйнай дамовы ад 1 сакавіка 2010. А эскізны праект будаўніцтва быў ўзгоднены ў Міністэрстве культуры яшчэ ў 2006-м, задоўга да Латушкі. Але таксама як «прыдарожны сэрвіс на 51-м км МКАД».
Аднак у часе будаўніцтва ідэя перарасла ў забаўляльны комплекс.
30 кастрычніка Мінкультуры выдала прадпісанне на праверку дакументаў у забудоўніка на адпаведнасць законадаўству. Бо выявілі парушэнні: часткова работы праводзіліся ў ахоўнай зоне гісторыка-культурай каштоўнасці. І пакуль будаўніцтва спынена.
Пра ўзвядзенне рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» каля Курапатаў стала вядома ў кастрычніку. Пасля пратэстаў грамадскасці з будоўлі спачатку знікла рэклама комплексу, а цяпер пачаліся праверкі.
Крыніца: http://nn.by/?c=ar&i=101120