Загінулы салдат — сястры: «Хто не падпарадкоўваецца, таго вешаюць»

Амаль месяц працягваецца расследаванне па факце гібелі радавога Аляксандра Арлова ў слонімскай вайсковай часці №33933. Маці салдата распавяла «Еўрарадыё», чаму не верыць ў самагубства сына.

Фота: Аляксандр Арлоў

Фота: Аляксандр Арлоў

Салдата знайшлі павешаным 5 верасня. Міністэрства абароны адразу заявіла, што смерць Арлова не звязаная з праходжаннем службы ў войску. Але Вольга, маці вайскоўца, лічыць, што яе сына забілі.

Вольга размаўляла з Аляксандрам за некалькі гадзін да таго, як яго знайшлі ў пятлі. Адна з прычын, чаму маці не верыць у самагубства сына: сям’я падрыхтавала дакументы, каб камісаваць Аляксандра для дапамогі маці. У траўні жанчына пахавала мужа, айчыма Сашы, і цяпер жыве адна з маленькай дачкой:

"Ён хадзіў да юрыста. Яму расказалі, якія трэба сабраць дакументы і даведкі. Мая старэйшая дачка цяпер непрацаздольная, бо сама сядзіць з малым дзіцём і не можа прыязджаць і дапамагаць мне. А мужа я пахавала ў траўні. Усе патрэбныя даведкі мы збіралі. Выслала мне іх дачка ў панядзелак 4 верасня, за дзень да таго, як знайшлі Сашу. Ён ведаў, што дакументы хутка будуць. Потым бы іх перанакіравалі ў Гродна, дзе і вырашалася б пытанне аб камісаванні".

Аляксандр няшмат распавядаў маці пра службу. А аднойчы сказаў, што ў яго часць набралі “адных турэмшчыкаўПальцы веерам, ні з кім не пагаварыць”.

"Ён амаль што ні з кім там асабліва не размаўляў, не сябраваў. Часта гутарыў з вайсковым псіхолагам — Рашчынскім [Мікалай Рашчынскі — намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай працы. — Еўрарадыё]. І ў той дзень я яго да псіхолага адправіла, раптам той мог бы параіць яшчэ нейкія дакументы зрабіць. Але Саша яго не знайшоў".

Па словах маці, на шыі ў Аляксандра дзве странгуляцыйныя барозны — сляды, які пакідае вяроўка. Вольга лічыць, што гэта сведчыць пра тое, што Аляксандра спачатку прыдушылі, а потым павесілі:

"Там невялікая капцёрка, вышыня ўсяго два метры. А Саша быў ростам метр восемдзесят дзевяць. Пры гэтым ён неяк сам убіў крук, залез на крэсла, закінуў вяроўку з пятлёй, спусціўся з крэсла, прыбраў яго ў бок і павесіўся на карачках. Навошта яму прыбіраць крэсла? Ён бы стаў на яго, а пасля б проста адкінуў нагой, калі б хацеў павесіцца. Дарэчы, факту пра крэсла вельмі здзівіліся следчыя".

Дзве странгуляцыйныя баразны.

Дзве странгуляцыйныя баразны.


На руках і на назе Аляксандра Вольга заўважыла гематомы. Таксама маці кажа пра “дзірку ў галаве” загінулага салдата.

“Дзірку ў галаве вайскоўцы патлумачылі мне тым, што калі яго здымалі з пятлі, дык ўдарылі аб столь. Але яны ж самі сказалі, што ён павесіўся на карачках! Гэтак жа растлумачылі і гематомы. Але як маглі з'явіцца гематомы ва ўжо мёртвага чалавека? Я ўпэўненая, гематомы ён зарабіў, калі яго вешалі, падобна, ён вырываўся”.

На руках у Аляксандра маці выявіла парэзы як ад брытвы ці ад нажа:

"На руках, там дзе мускулы, у яго былі парэзы як ад нажа або брытвы. Як быццам яго паласавалі. Сам ён наўрад ці мог сабе такое зрабіць, ён быў не з такіх, дома ніколі за ім такога не заўважалі".

Калі 3 кастрычніка 2017 года ў іншым рэгіёне Беларусі, у вайсковай часці №43064 ў Печах пад Барысавам знайшлі павешаным 21-гадовага Аляксандра Коржыча з Пінска, яго галава была заматаная ў майку, а ногі звязаныя шнурком ад абутку. 

У выпадку з Аляксандрам Арловым такіх жахлівых падрабязнасцяў няма. Але ёсць яшчэ адна акалічнасць, на якую Вольга звярнула ўвагу Еўрарадыё. Калі Аляксандр прыязджаў на пахаванне айчыма, ён размаўляў са сваёй стрыечнай сястрой. На пытанне пра службу ў войску ён адказаў: "Там хто не падпарадкоўваецца, таго вешаюць".

Гэта не першы салдат, знойдзены павешаным у вайсковай часці №33933 Слонімскага гарнізона. У 2013 годзе там загінуў вайсковец з Навагрудскага раёна (у іх з Карэліцкім раёнам адзін ваенкамат). Тады Міністэрства абароны таксама сцвярджала, што мела месца самагубства.

euroradio.fm